Гаўдэнт, Уршуля, Магдалена (уваходзіць).

Магдалена. А! смачнага апатыту!.. можа перашкодзіла?

Уршуля (адскочыўшы ад Гаўдэнта). Ах!!

Магдалена. Што–ж гэта? Жонка толькі на адзін дзень выйшла з хаты, а муж знайшоў ужо сабе другую і цалуецца!

Гаўдэнт. Але–ж гэта не я… гэта не я…

Магдалена (дражнячы). «Не я, не я…» А хто–ж гэта? (тыкае яго пальцам). Партрэт твой, ці што?

Гаўдэнт (ашаломлены яе нахальствам). Але–ж гэта не я знайшоў сабе… Я не шукаў…

Уршуля (д. с). А шчасьце было гэтак блізка! Магдалена. А хто шукаў? Значыцца панна Уршуля шукала?.. (іронічна). О, гэта добра! Надта гожа! вельмі пекна! Да кожнага мужчыны, як смала, прыклеіцца! Фэ! сорам, панна Уршуля! А набожная! Падумаеш, сьвятая якая! А як пабачыць мужчыну, дык ажно млее… Усе ад яе ўцякаюць, дык вось ведаеш якога знайшла сабе анёлачка! (З агідай да мужа). Ах, ты мядзьведзь!

Уршуля. Што?! Ад мяне ўцякаюць? О, выбачайце!.. Каб я толькі хацела!.. Але я ня думаю зажывацца з кожным графскім лёкаем…

Магдалена. Але з чужым мужам!

Уршуля. Але не з графскім лёкаем!

Магдалена. А гэта–ж што за прытычка такая? Это–ж гэта графскімі лёкаямі задаецца? Можа я? Што? можа я?! га?

Уршуля. А ну ведама, што пані Магдалена. Усім ведама.

Магдалена. Што?! Мяне тут абражаюць, а той (да мужа) стаіць тут як балван якійсь і нічога ня можа! Муж ты мой, ці ня муж? Як ты пазваляеш жонку сваю абражаць!

Гаўдэнт (нясьмела). Магдзя! Калі–ж навет торбачка твая там засталася…

Магдалена. Якая торбачка? Дзе торбачка? Там Сам торбачка, калі ня ўмееш бараніць сваю жонку ад напасьцяў. Стаіць як пень дурны… Што можа–б хацеў тут цэлы гарэм устроіць? Бачыце султан які!

Уршуля. Пані Магдалена! няхай пані так не крычыць, бо пані найбольш вінавата…

Магдалена. Што?! не крычаць? Вось–жа буду крычаць! Бо я маю права крычаць. Хто тут гаспадыня? Я! Гэта мая хата і я крычу, а пані, калі не падабаецца, дык можаш сабе йсьці вон!

Гаўдэнт (да жонкі). Ах, што ты, Магдзя! Ня трэба так…

Уршуля. Што?! Можа яшчэ будзеш за яе заступацца? Прысягаў, што мяне не пакінеш? Прысягаў, пытаюся, ці не?

Гаўдэнт. Я прысягаў… Але, коцік, ня трэба так…

Магдалена. Я ведаю, як трэба… А пані, панна Уршуля, вон пайшла і ня сьмей ніколі больш сюды прыхадзіць—і канец!

Уршуля. Пан Гаўдэнт! Ці вы ня чуеце? Як вы пазваляеце гэтак мяне абражаць?

Гаўдэнт. Ведаеце што панна Уршуля! Ідзеце ўжо сабе дамоў, я ўжо сам самавар пастаўлю.

Уршуля. Эх, вы мужчыны! Гады хітрыя! Чорт вас хіба выдумаў на наша няшчасьце дзявочае! Ніводнаму ўжо з вас ніколі не паверу (выходзіць).

Гаўдэнт. Ідзеце ўжо дамоў, панна Уршуля! ідзеце ўжо сабе.

Магдалена (у сьлед Уршулі). Праклінай у сваей уласнай хаце, а тут крычаць табе не пазволю.