Мяшочак, Мяшочыха, Леакадка, Пышка, Шышка, Магдалена, Фэлька, Мацальскі.

Магдалена (уваходзячы). Калі ласка, просім бліжэй, просім… Будзьце знаёмы: гэта пан граф Мацальскі, а гэта — пані Мяшочыха, пан Мяшочак, панна Леакадка, а гэта пан Пышка і пан Шышка…

Ува ўсіх, як пачулі слова «граф», ад дзіву выцягнуліся фізяноміі. Кожны асьцярожна, з пашанай падае руку Мацальскаму.

Мацальскі. Вельмі прыемна… (горда гледзячы з гары на ўсіх, падае руку).

Шышка (да Пышкі ціха). Чуў? Граф!

Пышка. Я жывога графа першы раз бачу.

Шышка. А ў майго брата быў знаёмы, дык ён расказваў…

Мацальскі. Мэдам і мэсье! Проста кажучы, вельмі рад, што я апынуўся сягоньня ў гэтай незнаёмай, але такой вясёлай кумпаніі. Я сам чэлавек вясёлы і люблю павесяліцца, і прыйшоў–бы сюды шмат раней, каб ня служба.

Магдалена (гледзячы на Мацальскага ачараваная). Няўжож вы, пан граф, маеце службу?

Мацальскі. Ня тое, каб служба, а гэтакая. Проста кажучы, калі глядзець на справу з погляду, дык і ня служба, а гэтакая гульня, можна сказаць пур пассэ лятан…

Магдалена. Вы, пан граф, мусіць займаецеся палітыкай?

Мацальскі. Але, і палітыкай… Бо, ведаеце, такая нуда, такая страшэнная нуда, што трэба хоць чымсь займацца, каб было весялей.

Мяшочыха. А музыку вы любіце, пане граф?

Магдалена (да Фэлькі ціха). О, гэтая ідыётка ўжо вылезла са сваей музыкай.

Мацальскі. О, вельмі!.. Асабліва вальсы!.. Як зайграе музыка: тра–ля–ля, тра–ля–ля, тра–ля–ля, ды проста кажучы, ногі самі скачуць… (балянсіруе перад Магдаленай і пяе): Тру–ля–ля, тру–ля–ля…

Мяшочыха (ціха да Леокадыі). Ідзі бліжэй пагавары з ім аб музыцы. Ці–ж на тое я плачу грошы вучыцельцы, каб ты стаяла як пень, не адчыняючы рот.

Мацальскі. А вось заграніцай дык я чуў не такую музыку, як у нас бывае, а такі вялізны аркестр, мусіць дзесяць або сто тысяч чэлавек… Дык гэтакі аркестр так голасна грае, што ў другім горадзе, суседнім, так мусіць вярстоў за сто, людзі пад гэту музыку скачуць… (ізноў я. в.) Тру–ля–ля, тру–ля–ля…

Мяшочак (падсоўваецца). А вы, граф, любіце астраномію?

Мацальскі. Што? Каго? А! проста кажучы, зоркі глядзець… Ха–ха–ха! Вясёлая кумпанія! Люблю вясёлых людзей!.. Тру–ля–ля!.. Тру–ля–ля…