Мяшочак, Мяшочыха, Леакадка.

Мяшочыха (уваходзячы з Ленкадкай). Ты, Леакадка, як граф пакліча цябе ў скокі, дык ты зірні на яго гэтак бокам і ўздыхні: ах! — каб ён, значыцца, сьцяміў, што ты вельмі рада. А як пачне гаварыць да цябе пафранцузку, дык ты не паказвай віду, што на разумееш, але скажы гэтак: ооох! каб, значыцца, можна было падумаць і не, і але…

Леакадка. Я ведаю, што рабіць, мамачка!

Мяшочыха (выймаючы з сваей торбачкі флякончык з парфумай). Чакай, я вось цябе папарфамую, каб ты не сьмярдзела потам… (Пырскае на дачку парфумай). А калі ён пацісьнець цябе за руку, дык так–сама яго, але не надта моцна, а так крыху і перэвярні вочы уверх ды ціханька гэтак уздыхні: ох!

Леакадка. Я ведаю, мамачка!..

Мяшочыха. А калі ён будзе казаць, што цябе любіць і жыць без цябе ня можа, дык ты саромліва апусьці вочы ўніз і скажы яму: «пагутарце аб гэтым з маей мамай»…

Леакадка. Калі ён нічога гэткага і ня думае казаць, а толькі сьмяецца і шчыпаецца.

Мяшочыха (зьдзіўленая). Шчыпаецца?!

Леакадка. Але. Усё хапае за бок, то за іншае месца і ўсё сваё: «тру–ля–ля»…

Мяшочыха (я. в.). Гм. гм… Мусіць цяпер новая такая мода…

Мяшочак (праз сон). А я пытаюся… чаму…

Мяшочыха. Ах, Божа мой! Калістрат сьпіць, а граф можа пабачыць і будзе сьмяяцца (да мужа, туваючы яго). Калістрат! а Калістрат! Устань!

Мяшочак (праз сон). Адчапіся!.. (сьпіць).

Леакадка. Граф ужо бачыў, што папа пьяны.

Мяшочыха (убачыўшы ў дзьвярох Мацальскага, ціха да дачкі). А вось ён глядзіць на цябе. Ідзі, ідзі, можа ён хоча паскакаць з табой. (Ідзе да дзьвярэй, Мацальскі дае ім дарогу, у дзьвярох робяць цэрамоніі кланяючыся).

Мацальскі. О! мэдам!

Мяшочыха і Леакадка. Ох, граф! (выйшлі)