I
Смех - часта дзындра* сумных настрояў і сталых думак. Адгэтуль я праводжу раўналежнасці пры маіх разгадках усяго... Сяджу над канавай, гляджу на босыя, каравыя ногі дзядзькі Язэпа і думаю: увесь час ён маўчыць - значыцца, у яго многа важкага ў душы; у яго многа слоў.
* Дзындра - шлак.
Мне важна слухаць яго выказванні аб тым, чым у вострыя моманты жыцця повен ён, я яшчэ ўпэўнены ў тым, што і для яго гэта палёгка, і я думаю так: няхай ён гаворыць аб чым сабе хоча, а я буду з па-за гэтых слоў чуць тое, аб чым ён не гаворыць, аб чым толькі думае... А што яго нешта мучыць, гэта відаць па ім. Што ў яго?
Гэта не ёсць мая пустая цікаўнасць, гэта жаданне блізасці з гэтым чалавекам.
«Гавары ты, дзядзька, аб чым-небудзь» - хочацца сказаць мне.
А ён маўчыць. Звесіў босыя ногі з насыпанага над канавай вала, укрытага пажоўклай травой, і глядзіць уніз. Там, на дне гэтай неглыбокай і вузкай канавы, трава таксама жоўтая, але большая; відаць з яе конскую спарахнелую сківіцу з некалькімі зубамі і з вялікаю чорнаю мухаю; збоку паточаны мурашкамі дробны, як пыл, жоўты пясок. Я гавару першы:
- Мусіць, халады хутка пачнуцца - вельмі ж сівагракаў аднекуль паналятала. Сягоння па паўдні я ішоў з кустоў, дык там гэта, што Юрась заараў ялавіну, дык на той раллі што іх робіцца - бегаюць, скачуць...
- То што, - сказаў дзядзька Язэп, - не заўсёды яны прылятаюць перад холадам, я не спрактыкаваўся, каб яны канечне паказвалі холад... Гэта ёсць такія маленькія птушкі - бычкі, дык яны вядуцца хто іх ведае дзе, а калі пачуюць холад - адразу з'яўляюцца каля будынкаў... Гэта даўней, як я яшчэ хлопцам быў, дык пайшоў быў раз у сад лом сеч. Пацягнуў ламачыну, а яны з-пад яе калі сыпануць кучаю - дробныя, як гарох, і якраз неўзабаве тады, калі даў холад! Праўда, восень была позна... Птушкі чуюць холад...
Ён з захапленнем расказаў аб гэтым, а я падумаў: «Калі ён так горача, з такою прыемнасцю гаворыць аб гэтым, значыцца, праўда, што нешта яго мучыць, нешта гняце яго істоту, і вось гэтае самае ён хоча ўтапіць у даўнейшай восені, у ломе, у саду і ў птушках, якія чуюць холад...»
Як кагадзе ішлі мы з ім з поля вузкаю дарогаю між палос раллі і ржышча, я думаў запытацца, што з ім, чаго ён такі неспакойны ў голасе, а цяпер рашыў не пытаць - няхай сам скажа, а калі не - хто мае права залазіць у чужую душу? Асабліва, калі не ўпэўнены, што словы твае будуць лекамі. Глядзі, каб не залезці ў чужую душу з цвёрдымі капытамі...
Дзядзька Язэп памаўчаў і загаварыў:
- Гэты год будзе ранняя восень, відаць... Толькі, от, з аўсамі запазніліся... У мяне яшчэ коп пяць ня звезенага, а ў Юрася ўвесь на полі...
- Невялікая работа - пазвозіць авёс, - сказаў я.
- Я не кажу, што вялікая... цяпер авёс буйны, дык яго лёгка рублём уціскаць... Я памятаю, даўней раз у мяне авёс ледзьве быў з зямлі падняўся, не то што жаць, а сілаю, гвалтам я скасіў яго... Там гэта каля лесу... рана паспеў ён, дык яго кашу, а хвоі шумяць-шумяць...
«Ён ізноў пайшоў убок з гаворкаю, - падумаў я, - ужо ў хвоі падаўся, яму, значыцца, лягчэй гаварыць аб чым-небудзь другарадным».
І я пачаў гаварыць:
- Цяпер там маладыя хвоі ўзяліся. Тады, як у вайну навысякалі там іх, дык здавалася, што пустэча будзе. А гэта малады лес узбуяў... Здаецца, нядаўна было - я яшчэ на тыя хвоі, бывала, з вашым Міхалам лазіў глядзець у гнёздах вараняняты...
Ён дзіка глянуў на мяне, трохі паглядзеў так вот мне ў вочы, пацерабіў чорную, кароценькую і пасівеўшую месцамі шчаціну барады і сказаў:
- Міхал памёр. Учора вечарам прыйшоў адтуль ліст.
Сказаў і змоўк.
І ізноў пачаў глядзець у жоўтае дно канавы... Чорная муха ўжо лазіла па пальцах яго нагі, а мае думкі блыталіся так: што гэта Міхал памёр ад сухот, мусіць, бо на вайне атруцілі яму лёгкія ўдушлівым паветрам. І вось цяпер дзядзька Язэп сядзіць тут са мною над гэтай канавай і страшна сумуе. Цяпер у яго толькі дачка і жонка ў сям'і, а Міхала ён ужо два гады не бачыў - той недзе быў на рабоце і патроху хварэў... Дзядзька Язэп многа чаго перажыў цяжкага ў жыцці, многа бачыў такога, ад чаго жудаснасць можа ахапіць чалавека...
Раптам мае думкі пераскочылі на чорную муху. Яна поўзала па яго пальцах, а ён не чуў гэтага. Я пачаў думаць, што ў яго на нагах вельмі ж таўстая скура, ды яшчэ ў засохшай зямлі - хіба тут нейкая муха будзе прыкметна!
Ён маўчыць. Можа гэта ўсякае гора - толькі муха іншаму чалавеку?
Сядзеў ён, упёршыся рукамі ў зямлю. Трохі пагойдваўся шырокаю спіною. З-пад шапкі з цыратовым казырком павылазілі густыя, чорныя валасы з ніткамі срэбранай сівізны. Твар у яго абветраны, да чарнаты загарэлы на сонцы...
Ён адхінуўся назад і стаў глядзець некуды паверх маёй галавы. Тады я лішні раз упэўніўся: чалавек можа быць гордым перажытымі пакутамі, у час жа гора, калі ён пачынае стагнаць перад другімі, ён тады - увасабленне мізэрнасці.
Вось чаму дзядзька Язэп маўчыць. Бунт у ім схаваны ў глыбіні...
II
Вечарамі на зямлю лажыцца шэрая ціш. Поле пахне аўсяным іржышчам і вялаю атаваю, а цесныя двары пры маўклівых хатах - коньмі і дзёгцем. Наша вуліца дрэмле ў цішы і ясным змроку.
Толькі не маўчыць стары папоўскі сад - у старым доме асвечаны там два адчыненыя акны, і некалькі камсамольцаў на ўсю вёску спрачаюцца над кніжкаю тэорый Дарвіна. Галасы іх сакаўныя, як недаспелы гарбуз, чутны за дзесяць хат і абуджваюць думкі: «Гэта прэлюдыі да будучай індустрыяльнай вайны з прыродаю».
Як бы гэта далікатна і ў меру выказаць дзядзьку Язэпу?
Ён сядзіць сабе ціха на прызбе і глядзіць на свае ногі. Я каля яго блізка, але ў змроку ён здаецца мне цёмнай грузнай постаццю з абы-як накіданымі абрысамі...
У садзе каля асвечаных вокан ходзяць, абняўшыся па двое, хлопцы і дзяўчаты. Дзяўчаты звіняць смехам, а хлопцы пробуюць спяваць:
Не хадзіла, не гуляла,
Рана спаць лажылася...
Першыя два радкі памагаюць падводзіць дзяўчаты, а пасля сціхаюць, - ёсць такое ўстанаўленне, што дзяўчыне шмат якіх слоў трэба саромецца...
Спяваюць моцна, бо ведаюць, што поп, выселены ў другую палавіну дома, любіць цішыню. Цяпер ён, пэўне, ходзіць недзе па двары і нюхае пах вялай травы. У садзе пільнуе познія яблыкі стары Гірш - за свае яблыкі ён смелы і спакойна спіць у будцы. І добра, што ён стары - хоць выспіцца сабе як мае быць. Бо, каб быў ён хоць трохі малодшы, не заснуў бы ён тут усё роўна... І толькі нямыя і да ўсяго абыякавыя кусты агрэсту і маліны з'яўляюцца сведкамі... Дзяўчаты заліваюцца слаўным срабрыстым смехам, бесклапотным і чыстым - нашто раней часу забіваць голаву думкамі аб аліментных правах.
Слаўна адчуваецца блізкая восень. Мякка абнімае зямлю празрыстая ноч. За дзве вярсты адсюль адчуваецца аеравай вастратою рэчка, пажаўцелыя крушыны і каржакаватыя хвоі над ёю. Над паплавамі лазіць туман густым малаком...
Дзве постаці відны ў змроку - ідуць, прыціснуўшыся адна да другой, і два галасы пераплятаюцца таксама, як і постаці ў абнімку, - падаюць яны нізкім шзптам. Я пазнаю дачку дзядзькі Язэпа - смуглявую маленькую Досю - і, пазнаўшы, адганяю ад сябе журботную трывогу, раптам скрабянуўшую мяне; заспакойваю сябе нават некаторымі філасафічнымі развагамі...
Яны ўдваіх садзяцца на суседнюю прызбу і шэпчуцца.
- З кім гэта яна? - ціха гаворыць мне дзядзька Язэп.
Я горды тым, што ён давярае мне свае думкі, але, ад малых дзён падказанай мне людзьмі неабходнасці браць усё пад кантроль, я раскідаю думкамі, хто ж такі дзядзька Язэп? Трохі падумаўшы аб гэтым, я не адганяю ад сябе гордасці нашай блізасцю і пачынаю пазнаваць, з кім сядзіць Дося. Цераз хвіліну я падсоўваюся бліжэй да дзядзькі Язэпа і паведамляю яго:
- Гэта студэнт-практыкант. Той, што прыехаў з каморнікам зямлю мераць.
- М-м-мгу...
І тут я не пазнаў дзядзькі Язэпа, першы раз за час сваёй блізасці з ім не пазнаў. Ніколі ён так безудзельна да ўсяго не адносіўся. Гаворачы аб студэнце і ведаючы дзядзьку Язэпа, я быў упэўнены, што ён зараз жа пачне выводзіць свае пераконанні - добра гэта ці кепска і як да гэтага трэба адносіцца. А цяпер ён аднёсся да гэтага так, як бы гэта Дося яму не дачка, а студэнт не малады хлапец, а якая-небудзь танная істужка, што выпадкова і без ніякіх слядоў пасля сябе абнімае Досіну шыю.
Цяпер, значыць, дзядзька Язэп думае толькі аб Міхале.
І мы так седзімо моўчкі. Дзядзька Язэп чухае калені, мабыць, пойдзе зараз спаць.
- Добры вечар!
Вырасла аднекуль са змроку шэрая постаць, прыткая і лёгкая.
«Чаго гэта поп ходзіць ноччу па вуліцы, няўжо яму мяшаюць спаць галасы ў саду?» - думаю я.
А ён углядаецца, каб пазнаць нас, пасля гаворыць дзядзьку Язэпу:
- Стары ты чалавек, табе ж паміраць хутка пара прыйдзе, а Бога забыўся, хоць бы адслужыў па Міхалу паніхіду...
Дзядзька Язэп маўчаў.
- Стрэў я ўчора Астапа Варывончыка - так і так, кажа, Язэпаў Міхал памёр, я аж умлеў.
Голас у папа танклявы і порсткі, і ўвесь ён, як на іголках, стаіць і гойдаецца, перабірае на жываце пальцы, гладзіць пальцам шчуплую бародку. Дзядзька Язэп, слухаючы яго, нагінаецца і кладзе рукі на калені.
- ...Дык ты, Язэп, заўтра прыйдзі да мяне, дык мы аб паніхідзе пагаворым...
Поп моўчкі прысеў каля мяне, павадзіў пальцамі па бровах і закурыў. Моцна запахла добраю самарослаю табакаю, дым гэты змяшаўся з пахам вымазаных варволем папоўскіх ботаў і потам яго шыі. Суконная вопратка дзядзькі Язэпа пахла пыльным бульбянікам і сухім выветраным хлебам; ад усяго гэтага хацелася драмаць.
- Ну то як? - сказаў поп. І, сказаўшы, адвярнуўся ў другі бок ад маўклівага дзядзькі Язэпа. - Гэта ў цябе, Язэп, ад таго, што занудзеў ты па Міхалу. Паспакайней трохі.
І пайшоў у свой бок, раптам усхваціўшыся.
- Не сумуй, дзядзька, - сказаў я.
- Нуда агарнула.
І гэта сказаў ён слаўна, бо не скардзіўся, а выказаў факт. Да нас падышоў раптам Тамаш Арлоўскі - барадаты і моцны стары, з другога канца вуліцы.
- Я да вас, хлопцы.
- Ну?
- Зрабеце маёй жонцы хату.
- Гавары, чаго прыйшоў?
- Я ж гавару. Дошкі ў мяне ёсць, толькі ж вельмі сукаватыя, ёсць без сукоў, ды ў гразі - гэблі патупіце!
- Што, твая старая памерла?
- Але.
- Нешта ж яна мала хварэла. Не чутно было.
- Тыдзень.
- А-а-а...
- Нястраўнасць гэта ў яе. Павячэрала, а назаўтра не ўстала з пасцелі.
- Ага.
- Дык можа б ты цяпер за работу, Язэп, узяўся?
- Цяпер то я не магу, заўтра зранку можна будзе. Толькі дай ты мне добрых памочнікаў; прасі Мікалая.
Тамаш глянуў у мой бок.
Рабіць труну з дзядзькам Язэпам! Я быў малады, і ў маёй сталасці былі некаторыя элементы надуманасці. Часамі яны неўзаметку пачыналі сплываць. Але я з малаком мацеры атрымаў людскую прывычку, хоць часам і нявінна, хітраваць. І я сказаў:
- Калі часу няма, ліха на яго. Бацька нездароў, дык я адзін.
- Ды што табе гэты час? Што, ты ўміраць ніколі не будзеш?.. Але, праўда, табе яшчэ далёка.
«Значыцца, пачаў ён вымяраць мяне меркаю смерці, - падумаў я, - годзе ламацца».
І я сказаў:
- Добра.
- Дай яшчэ аднаго, - сказаў дзядзька Язэп.
Тамаш моўчкі пастаяў і пайшоў.
І тут выйшла незвычайнае ў гэтую хвіліну з дзядзькам Язэпам. Ён затрос барадою ад смеху, трос галавою.
- Чаго ты, дзядзька?
- Тамашыха памерла! Павячэрала, кажа, як мае быць, а назаўтра з пасцелі не ўстала... Нястраўнасць! Як ты думаеш, сынку, колькі пудоў яна важыла?..
І раптам змоўк ён, узяўся рукамі за калені, пасядзеў так трохі і ўстаў.
- Хадзем, сынку.
- Зараз.
Ён пайшоў, а я сяджу адзін і думаю:
«Што гэта ў яго? Няўжо гэта толькі затым, што Міхал сын яму, а Тамашыха чужая і любіла паласкаць косці другіх?»
Я падумаў аб гэтай таўстой, грузнай, як хмара, жанчыне. Куды ні ідзе - усё жуе нешта, каго ні стрэне - правядзе зіркам мізэрнага абгавору...
- Братка Міхал, - сказаў я ціха, - ёсць жа людзі, смерць якіх не выклікае думак змагацца з прыродай... Але ты памёр!
Ціха было на вуліцы і ў папоўскім садзе... Дося сядзела з практыкантам на прызбе. Я ўстаў, каб ісці, але, адышоўшыся, не мог не пастаяць трохі - мае філасафічныя развагі ад мяне ўцяклі, бо хвалі душы не былі вялікімі.
- Досечка, - шэпча ён, - міленькая...
Яна маўчыць, і яны зліваюцца ў адну цёмную постаць...
Слаўна глядзяць на мілую зямлю ціхія зоры.
III
У доўгім Тамашовым гумне, на вільготным таку, мы робім Тамашысе труну. Моцны, як дуб, на тоўстых звязістых нагах, стаіць на мяккіх стружках дзядзька Язэп з алоўкам у руках і рысуе па каструбаватых дошках лініі, а мы ўдвух - я і Астап Варывончык - сядзім вярхом на абструганай дошцы і габлюем яе «бараном».
Дзядзька Язэп сягоння зусім маўчыць, скажа толькі некалькі слоў, калі трэба, аб труне ды дошках; ён паволі тупае вялікімі ботамі, сагнуўся нейк шырокаю спіною, і на вусах яго пілавіны - былі яны на рукаве, а рукавом ён разгладжваў вусы.
Сягоння я забыў трохі пра дзядзьку Язэпа і ўпікаю сябе гэтым, зусім не думаю і аб Міхале; у мяне ў галаве, па жылах тупа стукае кроў, галава трохі баліць, і думкі неяк атупелі - некуды згінула з самай ночы вастрата, задрамалі мае ўсякія развагі. Упарта і без патугі думаецца толькі аб адным - аб маленькай смуглявай Досі. Салодкі смутак апаноўвае мяне.
Астап Варывончык, як заўсёды, вясёлы, падморгвае мне хітрымі вузкімі вочкамі і раз-поразу аблізвае губы.
- Чаго ты мне падморгваеш?
- Чаго ты так звяў сягоння?
- Не выспаўся.
- Ну, пэўна ж, што гэта не ад лішняга сну.
Я маўчу.
- Я, як быў малодшым, дык чорт яго калі і спаў - бабы спакою не давалі. Але я быў за цябе мацнейшы, вялым ніколі не быў.
Я зноў маўчу.
- Ты што, бабу маеш?
У мяне з'яўляецца патрэба пачухаць каля вушэй.
- Пот, - гавару я.
Астап Варывончык хітра не спускае з мяне вачэй.
- Пот, - зноў гавару я.
І маўчу. У мяне злосць на Астапа Варывончыка. Чаго ён дапытвае мяне, чаго варушыць тое, ад чаго смутак мучыць мяне. Твар яго проста перада мною. Гэта круглы і рыжы твар, малады і сыты; толькі тонкія маршчынкі і сінія кругі пад вачыма, і галава пачынае лысець. Дзядзька Язэп глядзіць мне ў вочы з хвіліну, пасля, як бы аб чым дагадаўшыся, вызваляе мяне з майго становішча:
- Ідзі, Мікалай, мне тут у гэтай дошцы капт згаблюй - я збіваць пачну.
Цяпер я зусім упэўніваюся, што ён ведае, аб кім я думаю. І мне прыемна глядзець на яго сухую і моцную, прысадзістую постаць. Я іду да яго, а Астап Варывончык запускае руку ў белыя стружкі ў кутку - нядаўна прыходзіў да нас у гумно Тамаш, прынёс нам бутэльку гарэлкі і сухой кілбасы на закуску.
- Пеце, браткі, ды канчайце, - сказаў ён, - жонка хаты не мае.
- Няўжо злуе на цябе твая жонка за гэта? - ухмыльнуўся Астап Варывончык. Маўчыць, хоць бы слова.
Мы прымецілі, што ён ужо паспеў выпіць... Да яго ў хату ідуць людзі - бабы ўсё найбольш. З мужчын адзін толькі стары Апанас Ярмаліцкі - дый той у хату не заходзіў - угледзеўшы нас у гумне, ён падышоў цераз агароды і пагаварыў з намі трохі аб пагодзе і спелых гарбузах.
Цяпер Астап Варывончык налівае з бутэлькі ў вышчарбленую шклянку і падносіць дзядзьку Язэпу. Той трохі выпівае і аддае назад.
- Чаму не ўсё?
- Не хачу.
- Цяпер ты, Мікалай, дапівай.
Ён яшчэ трохі падліў мне, і я выпіў. Сам Астап выцягнуў цэлую шклянку, і мы закусваем сухою кілбасою. Дзядзька Язэп паволі жуе, стоячы пасярод тока. Неўзабаве з'яўляецца Тамаш і прыносіць нам два селядцы - сяк-так аскрэбаныя і паклычаныя пальцамі.
- Хоць бы ты, сынку, піў, - гаворыць ён мне, - можа аслабеў, габлюючы, дык от выпі яшчэ чарку.
- Не пі, - абарочваецца да мяне дзядзька Язэп, -зашкодзіць.
І, як бы апраўдваючыся, звяртаецца да Варывончыка і Тамаша:
- Што ж з яго будзе за работнік, калі ён нап'ецца?
- Можа вам дошчак не хапае? - клапоціцца Тамаш.
У гумно раптам з'яўляюцца двое - вяртлявы і маленькі Пятрусь Міхалінчык і доўгі, тонкі і пануры Яўхім Стрыгун, з вострым тварам, белымі валасамі і босы. Я гляджу на гэтую маўклівую і нейкую нясмелую постаць, і мяне апаноўваюць думкі, што гэта, мусіць, прырода стварыла яго такім для таго, каб якой-небудзь чулай натуры па-брацку трохі пасмяяцца над ім, а пасля над ім жа горка заплакаць. Ён глядзіць на нашу работу, і на твары яго, поўным рабацення, застыла нясмешная ўсмешка. Пятрусь Міхалінчык весела садзіцца каля Астапа Варывончыка, ляпае яго рукою па калене і падае голас:
- Я нюхам чую, дзе п'юць. Яўхім мне памог: пацягнуў носам ды кажа - хадзем.
- Жартуеш, - апраўдаўся Яўхім.
- Я вам прынясу, хлопцы, другую шклянку, - па-гаспадарску клапоціцца Тамаш.
- Хопіць і гэтае.
І я не ўспеў агледзецца, як Пятрусь Міхалінчык ёмка выпіў, крактануў і ўзяў кусок селядца. Тамаш паднёс Яўхіму. Той спачатку адмовіўся, а пасля, бачачы, што яго больш не просяць, узяў і выпіў. Адламаў кусок кілбасы, агледзеў прытульную мясціну на дошках, каб спакойна было есці, сеў і пачаў паволі жаваць. Рэшту гарэлкі дапілі неяк раптоўна Варывончык з Міхалінчыкам і адразу сталі смешна-вясёлымі.
- Я вам, браткі, прынясу чаго паесці, - неяк радасна сказаў Тамаш; радасна, мусіць, затым, што ў яго гумне вясёлыя людзі.
Яму ніхто нічога не адказаў, і ён, пастаяўшы трохі, падаўся спярша ў бок Яўхіма, а пасля пайшоў у хату.
Астап Варывончык, скрывіўшы раптам набок дробны твар свой, заспяваў:
Охці мне, о-ох;
На балоце мо-о-ох...
Хлопец па дзяўчыне
Сем гадоў со-о-о-ох!..
Пятрусь Міхалінчык уставіўся вачыма ў яго твар, сціснуў каля кішэнь портак кулакі, з нецярплівасцю чакаючы, пакуль той скончыць. Як скончыў, заспяваў раптам прыпеўку з другой песні:
Там хадзіла, там гуляла
Дзеўка малада!..
Пасля падумаў трохі, махнуў рукою, змяніў раптам матыў песні на вясёлы і паўтарыў:
Там хадзіла, там гуляла
Йэх!..
Дзеўка малада!..
Яўхім спакойна жаваў кілбасу.
Дзядзька Язэп стаў у варотах і глядзіць на пажоўклую траву перад гумном...
Ясна ад сонца і шырока ад першага подыху блізкай восені. Слаўна пахне з садоў бэрамі, блішчаць першыя ніці белага павуціння; скрыпяць на вуліцы вазы - возяць позні авёс, але ціха ад пажаўцеўшых клёнаў... Плюхае вада і спяваюць пеўні.
Стоячы, маўчыць дзядзька Язэп.
Астап і Пятрусь, палёгшы на мяккіх стружках, задумёна спяваюць:
Ой, за полем, полем ды за ўзгоркамі,
Пры вадзе берагавой ды пад чаротамі
Ды шумела асака...
Дзядзька Язэп выйшаў з гумна і пайшоў паволі, босы, па траве.
Ой, ды як жа асака ды шумлівая!..
Ой, шумела ж яна, як гаварлівая...
Яўхім узяў у рукі бутэльку, паглядзеў, што пустая, і палажыў назад, сеў і маўчаў, мусіць, слухаў:
А там беглі-грукацелі
Залатыя-вараныя...
Яўхім адышоўся ўбок, прылёг каля сцяны на саломе і памог танклявым і доўгім голасам:
Эй вы, э-э-ай-э-эй!..
Дзядзькі Язэпа нідзе не відно.
Я выйшаў за вароты, глянуў на асеўшую сцяну пад жоўтыя клёны: на накошанай учора і прывяўшай за ноч палявой траве ляжаў ніцма дзядзька Язэп. Плечы яго трасліся, твар уехаў у траву, і з травою ж пераблыталіся чорна-сівыя валасы на галаве. Я падышоў да яго і сеў.
Пахлі з гумна смалою стружкі, пахла з агародаў зямлёю. За платамі ў садах падалі спелыя яблыкі, і над намі спелі рабіны.
Уткнуўшыся тварам у траву, як малое дзіцянё, плакаў дзядзька Язэп.
IV
Над шырокай зямлёй пахне восенню, і яснымі днямі дзьме густы вецер. І шумяць-шумяць кусты над глыбакадумнаю рэчкай...
Дарога пазарастала патаптанай травою, часамі з далёкіх узгоркаў імчыцца па ветры і асядае на яе пыл. Цяпер яна ад нядаўніх дажджоў чыстая і ад сонца і ветру думна-вясёлая. На ёй ляжыць плуг, а з боку я - ляжу на ветры, гляджу, як за кустамі шыпшыны пасецца конь, і слухаю, як шуміць голле маладых асін і бяроз. Адчуваецца, як пад імі прэсна пахне рэчка.
Сягоння я зусім не бачыў дзядзькі Язэпа. Цяпер ён не так нудзіць, больш можа гаварыць аб Міхале - прывыкае патроху, што памёр ён.
Учора вечарам я таксама, як і раней, сядзеў з ім на прызбе. Ён весялейшы быў і расказваў са смехам, як Астап Варывончык леташняй зімою пералазіў ноччу п'яны цераз калодзезь, думаючы, што гэта пералаз. Пералез і скочыў «на другі бок плота» і чуць не змерз у калодзезі, пакуль яго адтуль выцягнулі. Гэтую гісторыю я многа раз чуў ад яго ж, і ён сам гэта ведаў, але гаварыў з вострымі славечкамі і смакаваў жартаўлівыя фразы... Дося таксама хадзіла пад руку з студэнтам-практыкантам.
- Каморнік? - сказаў ціха дзядзька Язэп, ківаючы галавою ў бок цёмнай пары.
- Ён.
І мы маўчалі, а я думаў:
«Дося зусім маладзенькая, і яна, скажам, не можа разбірацца ў сваіх пачуццях і ў людзях. Але і няўжо сам дзядзька Язэп адстаўляе мяне на другарадны план, і няўжо толькі затым, што той студэнт?»
Ад гэтых думак нешта ўсю ноч і цяпер скрабе мяне за сэрца. Хочацца ісці некуды, нешта рабіць важнае, нешта большае, чым ляжаць тут, на гэтай дарозе.
Я нервова ўсхватваюся і, сам не ведаю для чаго, аглядаю нядаўна завораны мною загон. Па ім спацыруюць вароны, нешта клююць і крычаць. Мне таксама хочацца крычаць і спяваць. Ва мне варушыцца напеў песні:
Ды за таго шастака
Ды купіла мужыка...
У маіх перажываннях шырока раптам выплывае хор, які спяваў гэтую песню; быў я ў горадзе, сядзеў вечарам у тэатры і слухаў. Гэта было захапленне бязмежным, нічым і нікім не прыціснутым і не ўзятым пад мізэрную хітрасць. Так, як цяпер думкі аб Досі мучаць...
Якая мне можа быць работа дома адвячоркам?
Я саджуся і думаю.
Далёка відзён Пятрусь Міхалінчык - заворвае ржышча; ідзе ў вялікіх ботах за плугам, ківаючы наперад, пасвіствае на ўсё поле, аж мне тут чутно, ад гэтага яму весела. Недзе за кустамі праязджае Яўхім Стрыгун, я пазнаю яго па голасе - на каня яму ніколі не трэба крычаць, а ён крычыць, крычыць так, што на раллі трывожацца вароны.
Там, недзе за кустамі каля рэчкі, у дзядзькі Язэпа ляжыць сухая атава. Не можа быць, каб Дося не прыйшла скласці яе ў копы. Успомніўшы пра гэта, я повен думак, што мне ёсць чаго сядзець тут, на гэтай зялёнай дарозе, - вечарам яна ўсё роўна будзе з студэнтам.
Цяпер у мяне страшная нецярплівасць. Я адцягаю пад воз плуг, збіраю лейцы і пасля іду да дзядзькавай атавы. Там пуста, толькі ўсё ж таксама чароды дзікіх птушак.
Повен расчаравання, я іду назад. Дайшоў да краю кустоў і бачу: маленькая і смуглявая, ідзе Дося. Ідзе босая, у сінім, з белаю хустачкаю на густых чорных валасах.
- Ваша атава зусім сухая, - гавару я.
- Тата заўтра забіраць будзе.
Што мне ёй больш гаварыць? Седзячы вечарам з дзядзькам Язэпам і бачачы, як яна ходзіць з нейкім практыкантам, у мяне складаюцца ў галаве мнагалікія цытаты; толькі не цяпер гэта... Я не ведаю, што мне больш ёй сказаць.
Мне страшна хочацца схваціць яе на рукі і імчаць некуды далёка, за сухую атаву, за бясконцае поле. Імчаць, пакуль яна не заплюшчыць вачэй і не задрэмле. Тады я палажу яе на зямлю, абвеяную ветрамі і выхаджаную людзьмі, буду глядзець на яе, і тады ў мяне складуцца вялікія гімны.
Цяпер жа я маўчу і гляджу на яе твар.
- Чаго ты так глядзіш?
Твар яе раптам робіцца ружовым, і я адчуваю, што і яна таксама не ведае, што гаварыць.
А можа ёй страшна гэта хочацца, каб я схваціў яе на рукі?
У мяне ў галаве, у жылах пачынае стукаць кроў, і я ледзьве гавару:
- Ты доўга там будзеш?
- Атаву ў копы складу.
- Тады назад разам паедзем.
- Не, я пайду на той бок рэчкі, на хутары.
- Чаго?
- Да цёткі.
- Але ж начаваць дадому прыйдзеш?
Цяпер я знаю, што яна была зусім дзіця: ёй здавалася, што калі вечарам ходзіць яна з практыкантам, дык кожны нават куст шэпча аб гэтым, закіды на гэта бачыла яна ў кожным, самым нявінным слове.
Яна яшчэ больш пачырванела і з нейкаю як бы трохі крыўдай ці лёгкаю пагардаю сказала:
- Ну, а ты дзе будзеш сам начаваць?
Цяпер мне ўсё ясна. Тады ж радасна пацямнела ў вачах і з'явіўся спакой: ідзі сабе, ідзі, любая, вечарам я буду бачыць цябе.
- Мне пара ехаць, - сказаў я.
- А мне пара ісці.
І яна пайшла... А я, едучы дадому, раздумваў:
«Добра, што яна не едзе са мною - у мяне гразкія босыя ногі, запэцканыя палатняныя порткі і палатаная сарочка. Нядаўна яна вазіла гной і была адзета яшчэ горш, але ж усё роўна я не хачу быць такім каля яе».
V
Цяпер часам, у хвіліны бур і вострых пакут духу, я думаю так: калі шукаць ці ствараць апраўданні ўсяму, то смутак, напрыклад, можа мець апраўданне, што для таго ён, каб пасля яго больш ацаніць радасць. Тым больш гэта можна гаварыць аб рэчах меншых - розных непрыемнасцях, журбе... Тады ніякага апраўдання нічаму я не шукаў ці не ствараў і думаў толькі аб самых рэчах.
Без жадных разваг я ў той вечар напоўніўся злосцю да Досі - хадзіў я каля іхняе хаты, а яна раптам выйшла з папоўскага саду разам з тым практыкантам. Я прайшоў міма, каб бачыла яна, пасля павярнуўся і заставіў сябе плюнуць і пайсці закурыць да дзядзькі Язэпа.
Дастаючы мне з-за коміна табаку, ён стала, з лёгкімі адценнямі нявінна-простага гумарызму, сказаў:
- Што гэта яна, ліха яе ведае, з гэтым каморнікам злыгалася; колькі яе ёсць, гэтай дзяўчыны... Не падабаецца ён мне страшэнна.
Стараючыся схаваць сваю радасць, я пачаў левай рукою круціць на галаве валасы і падаў ціхі голас:
- А вы як яго ведаеце?
- Я яго сам сюды з горада вёз.
- То чаму вы раней нічога аб гэтым не думалі?
- А што? - устрывожыўся ён.
- Нічога, я так.
- Як я мог раней аб гэтым думаць? Што ты, сам не ведаеш? У мяне, апроч Міхала, нічога тады ў думках не было. Жыць мне няміла было - я не думаў, што выжыву. Цяпер неяк трохі палягчэла гэта ўсё... А яшчэ Дося неяк як бы другая для мяне стала. Здаецца, не можна ўжо больш нікога моцна любіць, апроч Міхала...
Ён гаварыў, а я капаўся ў сваей душы з грозным загадам сабе:
«Маўчы, дзейнічай перад Досяю, а не перад ім, бо нават ён не мае права ў гэтай справе большага, чым бацькоўская парада... І якое ты маеш права злаваць на яе? Хто цябе паставіў на гэтую пасаду? І хто мае права ставіць каго над кім-небудзь?»
- Гляджу я на цябе - падабаешся ты мне, - гаворыць дзядзька Язэп, закурваючы ад газоўкі.
Але цяпер ужо гэтыя словы яго нічога глыбокага не кранулі ў мяне: тут усё ў Досі.
Але гавары, родны мой, блізкі дзядзька Язэп.
- Як твае справы?
Мае справы такія: канчаю разам з бацькам на полі ворыва, малачу і чакаю з горада паведамленне - ці залічаны я студэнтам. Чакаю ўжо доўга і думаю, што нічога з гэтага не будзе.
Аб гэтым я гавару дзядзьку Язэпу.
- А ведаеш што, - гаворыць ён мне, - здаецца мне, што няма ў табе нейкага спакою, мусіць, нешта мучыць цябе. От перажыў бы ты такое, як у мяне, смерць Міхала - у мяне ўжо мала гэтага будзе, у цябе многа яшчэ. А можа гэта ад таго ў цябе ўсё, што з такіх маладых год пачалося ў цябе ўсякае, падобнае да мае смерці Міхала? Ходзіш ты адзін, хто цябе ведае... Неспакойны ты...
Што мне адказаць яму?
Падумаўшы, я гавару, стараючыся, каб гэта выйшла жартаўліва:
- Сёння дык неспакойны я затым, што ў вас ёсць дзяўчына і завецца яна Дося.
- Што яна табе спабачылася, гэтая дзяўчына, - з адценнямі жарту сказаў ён, - дык я гэта даўно ведаю, адразу ўбачыў тады, як глянуў на цябе. А што ў цябе ад яе неспакой, дык хто ж табе вінават - зараз жа ідзі на вуліцу, бі па храпе каморніка, асадзі яго к чорту - і справе канец.
І ён зарагатаў, але, мусіць, лепш у яго выйшла б, каб ён толькі ціха засмяяўся.
У хаце чуць свяціла газоўка, старая спала каля печы на шырокай пасцелі. Пахла цыбуля з печы і табака...
Слаўны, пагодлівы дзень заўтра будзе...
Я пайшоў у папоўскі сад. Стары Гірш, як і заўсёды, спаў сабе ціха ў саламянай будцы, па садзе таксама хадзілі, абняўшыся, хлопцы з дзяўчатамі, праз адчыненыя вокны відаць было, як ідзе рэпетыцыя да спектакля. Каля стала стаяў настаўнік у ролі рэжысёра, махаў рукою і нешта расказваў. Дзяўчына ў чырвонай хустачцы няўмела прысядала, стараючыся зрабіць рэверанс. Ад гэтага ўсе рагаталі, а настаўнік злаваў.
За плотам па двары, фантастычна-смешны ў змроку, каціў поп па няроўнай зямлі пустую бочку...
І вакол кусты слухалі шэпты і былі маўклівымі сведкамі некаторых спраў.
Стары Гірш спаў сабе спакойна, а я, не могшы апанаваць разважаннямі, напоўніўся раптам злосцю да Досі... Прыйшлося пайсці ў чытальню і выказаць мае некаторыя тэатральныя веды...
Слаўныя вечары!
Гэта восень дыхае вясною.
Падморгвалі зоры зямлі, і зямля маўчала - як бы адчувала яна дзяцінства ў маладосці і маладосць у старасці.
VI
Каржакаватыя хвоі, чырвона-агнявыя асіны і жоўтыя бярозы, і пад імі шумяць кусты.
Шумяць... Шумяць!..
І ядлоўцам пахне над полем.
Густа паўсходзіла жыта, і ўсё таксама смяюцца яму ясныя дні.
Праляцелі ўжо гусі і жураўлі, чорныя дзікія птушкі клююць сакаўную рабіну, і журацца дні над свежай раллёю і над балотнай сухой асакою...
Мы выбіраем познюю бульбу.
З пахучых зямной вільгаццю загонаў мне відно, як за шыпшынавымі межамі клапоціцца дзядзька Язэп - нешта там камандуе моцна, а бабы са смехам сыплюць кашамі на воз бульбу... У мяне не падмазаны калёсы, і яны заскрыпелі так, што пачуў і азірнуўся дзядзька Язэп.
- Пачакай! - крычыць ён мне.
Я чакаю і гляджу, як ён грузна і шырока ступае вялізнымі ботамі і тузае лейцы. Пхае плячом у аглабіну, нейкая дзяўчына выводзіць каня на дарогу, другая паганяе пугаю, і дзядзька Язэп весела камандуе:
- Па хвасце, па хвасце!..
Там паднімаецца рогат, а дзядзька Язэп выкіроўвас воз на дарогу...
І вось мы поплеч ідзем каля вазоў па вузенькай, каляіністай дарозе. Дзядзька Язэп пагаварыў трохі аб восені і жураўлях, пасля расказаў, як некаторага года адбіўся быў ад сваёй чарады малады бусел, не ведаў, куды ляцець, і зазімаваў адзін на мёрзлых паплавах. І як пасля кончыўся з холаду за гумнамі.
- Ты думаеш, ён не сумаваў, гэты бусел?
І, сказаўшы гэта, дзядзька Язэп змоўк, а я стаў думаць:
«Што ў яго цяпер у галаве і на душы?»
Твар яго стаў раптам каменна-спакойным, як бы гэта ён сперш доўга раздумваў, для чаго і нашто ўсё на свеце, а пасля дадумаўся: «Дык гэта ж я сам усё ўстанавіў...»
Дома мы ссыпалі бульбу - сперш яму, пасля мне.
Аднекуль з'явілася Дося, і, як бацька пайшоў у сенцы, яна сказала мне:
- Хадзем, я памагу табе.
Я паглядзеў на сваю палатаную сарочку і сказаў:
- Ды ў мяне там няма чаго рабіць.
- Дзе ты сёння вечарам будзеш? - запытала тады яна.
У мяне зноў, як і тады, застукала ў галаве кроў... Я ж ёй раней гаварыў... Яна не думала аб гэтым, а гэта або ў яе ад мяне застукала кроў, або ад таго практыканта пакінула стукаць. Тады якая тут мая роля?
Гэта былі разважанні, і з'явіліся яны трохі пасля, тады ж я сказаў:
- Вечарам я буду сядзець каля твае хаты.
- Які ты слаўны і дагадлівы...
І яна пабегла ў сенцы.
«Слаўна жыць на свеце, - думаў я, едучы на поле. - Няхай усё плыве, куды хоча, няхай рушыцца, падае, раскідаецца, а мне на нейкі час адкінуць усё гэтае, разам з усякімі разважаннямі...»
Так я адчуваў і вечарам.
Чорненькая, маленькая і гарачая сядзела Дося, прыціснуўшыся рукой да мяне. Мы не гаварылі, і я не думаў нічога... Дзядзька Язэп выйшаў на вуліцу, пыхнуў папяросаю і хацеў сесці на прызбу, пасля ўбачыў нас, пазнаў і запытаў мяне:
- Бацька твой дома?
- Дома.
- Пайду да яго, пакуру.
І пайшоў. А я падумаў:
«Стары Гірш спіць недзе ў сваёй саламянай будцы - нудная і дрэнная работа. Страшна мець сівую бараду і думаць толькі аб яблыках ды аб саламянай будцы...»
Дзядзька Язэп бараду голіць і саламяных будак не любіць. Курыць, соўваючыся па двары вечарам...
«Міхал, братка мой дарагі, Міхал!»
Зоры свецяць, залатыя асіны шумяць, зямля вее размахам і воляй. Недзе людзі спяваюць, недзе зыкі бягуць...
«Братка Міхал, родны мой!»
Мне хацелася плакаць і расказаць аб гэтым усім - і далёкім, і блізкім.
І я з страшэнным смуткам адчуў, што Дося мяне не зразумее...
Дзядзька Язэп, з блізкіх маіх, адзін можа слухаць мяне...
VII
Назаўтра, як у тумане, хадзіў я цэлы дзень. Я прыпомніў, як тады, вечарам, два разы праходзіў міма нас той практыкант, я адчуваў у змроку на сабе яго калючыя вочы. Ён нічога не гаварыў і праходзіў. Сягоння ж, як змеркла, выйшаў я на вуліцу і ўбачыў: Дося і практыкант ішлі, цесна прыціснуўшыся адно к аднаму. Я залажыў рукі ў кішэні, свіснуў, настроіўся на гумарыстычны лад і заспяваў:
Не хадзіла, не гуляла,
Рана спаць лажылася!
І тут жа раптам падышоў да сябе з грозным загадам: адкуль ты дастаў сабе права корпацца ў душы другога чапавека?
«Ну, а што? - сказала маё другое «я», - пытанне гэтае трэба пусціць па дзвюх лініях. Тут магло быць так: яна магла за што-небудзь зазлаваць на свайго практыканта і, каб укалоць яго, пасядзець вечарам з табою, тады ты, значыцца, зброя барацьбы, стаў машынаю, будучы чалавекам. То чаго ж ты так катуеш сябе за тое, што паспяваў трохі? Паспявай яшчэ. Залажы рукі ў кішэні ды пасвішчы...»
А другая лінія?
Другая лінія магла быць такая: «Дно ў чалавека заўсёды відаць. І рух увесь яго як на далоні. І загэтым вось і вядома, што там ні з чым непараўнаная тонкасць і бясконцы рух - як бы гэта свет знайшоў для сябе вечнае і адзінае люстэрка...»
І маленькая, смуглявая Дося тады шчыра кахала мяне, таксама, як сягоння таго практыканта.
Тады напоўніся вялікай пашанай, панясі яе і агарні ёю людзей. Знішчы свае гразныя капыты і насі ў сабе толькі вастрату хараства...
Позна я сядзеў у тую ноч у хаце з дзядзькам Язэпам. Мы так, як ніколі раней, гаварылі аб Міхале. Ён стаў раптам нейкім сагнутым, сухім і малым. Нагнуўся і заплакаў ціха. Пасля абцёр слёзы і сказаў:
- Чалавек яшчэ не пэвен, пакуль многага яшчэ не зробіць...
Тады я падумаў:
«Чалавек, значыцца, аба многім павінен даведацца...»
Дзядзька Язэп курыў паціху; зноў вырас постаццю сваёю і сядзеў так доўга.
І я раптам адчуў у сабе і вакол сілу дзейнасці і размах чалавека на нязначным атаме свету - зямлі...
VIII
Вясною сястра мая сеяла кветкі, цяпер перад вокнамі на круглых градках цвітуць увосень настурцыі і белыя астры, і над імі шэпчуцца жоўтыя вішні, расказвае ім вецер аб бяздоннай сіні лясных даляглядаў, і пад ім, на сонцы, думаюць нешта лісты.
Сцелецца пыл... Хутка канчаюцца дні з белым павуціннем.
Сястра палошча бялізну на двары. Весела плюхае вада, сцякае з яе белых закасаных рук. Пасля садзіцца яна каля сцяны і спявае «над возерам чайку». З хаты мне слаўна глядзець на яе, на настурцыі і астры, на жоўтыя вішні і ветраны пыл.
Хутка будзе вечар. Вецер не сціхне, і чуваць будзе, як за рэчкаю гавораць хвоі...
Вечарам, здаецца, будуць збірацца нашы гаварыць аб зямлі.
Будзе там стаяць дзядзька Язэп, як уросшае глыбока ў зямлю дрэва, будзе маўчаць ды рэдка падаваць увагі; будзе выказвацца Астап Варывончык і рагатаць Міхалінчык Пятрусь. Будзе там збоку сядзець і Яўхім Стрыгун і скардзіцца на ўсё - і на кепскае, і на добрае: ёсць жа такія людзі на свеце...
Трэба будзе пасля ўсяго гэтага пайсці пасядзець у дзядзькі Язэпа - заўтра я еду ў горад.
Я хаджу па хаце і думаю. Уваходзіць раптам Тамаш Арлоўскі і бярэ мяне за плячо.
- Хадзем, сынку, да мяне.
- Чаго?
- Хадзем. Там Язэп і Варывончык.
Мы ідзем па пыльнай вуліцы ў яго хату, і Тамаш там клапоціцца.
- Пасколькі вы, браткі, тады труну рабілі, дык от трохі, значыцца, пад гэтае...
Мы выпілі па чарцы і пасядзелі трохі.
- Дык от, браткі, - гаворыць Тамаш, - адзін застаўся... Жаніцца - не гады, сказаць, так жыць - дачку замуж аддаю.
- Ты жонку любіў? - пытае вясёлы Варывончык Астап.
- Што т-ты ў старога чалавека пытаеш? - апраўдваецца Тамаш. - Што ты гэта? Ты думаеш, я тут табе ведаю цяпер - што ты пытаеш... не гады ўжо... ліха яго ведае...
Мы яшчэ выпілі па чарцы, пасядзелі трохі і пачалі разыходзіцца... Кружыцца трохі галава: я іду міма хаты дзядзькі Язэпа, бачу, як Дося ходзіць па двары, і мне, таксама, як тады, на полі, хочацца падбегчы туды, схваціць яе на рукі і імчацца так па пустых дарогах і без дарог...
Заўтра я еду ў горад.
***
Тры гады - вялікі час у чалавечым веку.
Я цяпер успамінаю, адчуваю і думаю.
Сягоння днём на люднай вуліцы ўбачыў я Досю з мужам - былым практыкантам на каморніка. Яна патаўсцела і выглядае сталай і задумёнай... І гэта ўсё будзіла ва мне думку аб факце: колькі дарог будзе яшчэ пройдзена і колькі людзей уведана!..
Я пакланіўся Досі, і яна раптам пабялела, неяк асунулася, зрабілася маленькай, і ў вачах яе засвяцілася нешта вострае - мяжа між імкненнем і журбою...
Вечарам прыйшоў ад сястры з вёскі ліст. Там было і ад дзядзькі Язэпа. Няроўнымі, ад непрывычкі пісаць, літарамі было напісана:
«...Дзякую, сынку, за паклон... Навін у нас, сказаць, вялікіх няма. Што мая баба памерла - ты ведаеш, а што Дося з мужам пераехала ў той самы горад, дзе ты, таксама, пэўна, ведаеш... Яўхім Стрыгун ажаніўся. Астап жа разышоўся з сваёю жонкаю. Жывуць сабе... Мы павысякалі летась каржакаватыя хвоі за рэчкай - дык цяпер нейкая пустэча там здаецца за рэчкаю - гэта мне з непрывычкі. От гэтая прывычка мяне заядае - прывыкаю да свае нары, цераз гэта атупеў неяк увесь. А можа гэта старасць загаварыла? Страшная штука - старасць, і гадкая штука - прывычка... А можа ты іначай думаеш? Падумай... Жыві, сынку, здароў...»
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Родныя мае!.. Блізкія мае!..
1926
Каментары
Друкуецца па зборніку «Хвоі гавораць» /2-е выданне, Менск, БДВ, 1928/. Упершыню апублікавана ў газеце «Савецкая Беларусь», 1926, 9 траўня. Датуецца траўнем 1926 года.