9 верасня.
Чатыры дні не пісаў…
Перапраўляемся ізноў з Віленшчыны ў Сувальшчыну. Назад за Нёман. А ў Віленшчыну пераправа была ўвечары ці тое самае што ўночы, з 6 на 7 верасня. Апішу, як гэта было.
Выехалі з Петкялішак у паўноч 5–6 верасня. Доўга, бясконцу доўга, цялёпаліся ў гразі, пакуль развіднелася. Быў вялікі вецер.
— Куды ў гэтакую процьму?
— За Нёман!
Цераз Мазурышкі, Дарсунішкі — паехалі… «К бесу ў кішкі!» — лаюцца і жартуюць азызлыя ад холаду батарэйцы.
Абедалі на прывале.
Увечары пад распраклятым дажджом прыцягнуліся к Нёману. Стаялі… Пасунуліся трошку… Ізноў стаялі… Нейкія хаты пры дарозе; за адною хатаю здыхае конь.
Позна пачалася пераправа цераз Нёман. Круты спуск, гразь, холад, вецер з дажджом — і цёмна, ні ліха не відаць. Загразла гармата — на табе! З сілы выбіліся батарэйцы. Цягнуў і я — па калені ў нейкім жыдкім і ліпкім месіве. Ахрыплы паручнік мацяршчыннік:
— Цягні, цягні!! — і ўсё лаецца.
— Цягні сам, каб табе скулле ў глотку! Сам на кані гоцаеш ды бізуном трасеш. Во схопім і кінем торчма галавою з кручы ў Нёман, каб ты змоўк навекі. Наўкол чорна, як у тваёй душы: ніякі чорт не ўбачыць.
Мусіць, адчуў нашыя думкі, ад'ехаў, кінуў адных. Балазеткі выцягнулі без яго лаянкі. Пяхота шлёпала, шлёпала, учапілася, як саранча, — памагла.
Узлаваны Нёман. Хвалі плешчуць і абдаюць зімовай сцюжаю. На пантонах — апалчэнцы, барадатыя дзядзькі з крыжамі на шапках. На тым беразе — вогнішчы. Нёман тут ушыркі сажняў 60–70. Мераў, ідучы, на сігі.
Абаграванне. Шуканне, дзе б як абначаваць, каб хоць трошку ў сухім. Горкае пачуццё пад дзвярмі вялікага дому, занятага «гаспадамі афіцэрамі». Можна б было дзе-небудзь там прытуліцца — запёрта, не пускаюць… Сон на мокрай зямлі пад дзіравым брызентам, па якім б'юць дажджавыя каплі, як у бубен.
Уранні мясіў гразь па мясцечку, каб знайсці хоць якое-небудзь сабачае едзіва. «Нет!» — «Нема!» — «Нейра!» Салдатаў поўна, не прайсці. Розныя вайсковыя часці, драгуны, конная гвардыя, «арыстакраты». I пяхота, як гразь, заляпіла ўсё. А дождж, балота. Убогія, нешчаслівыя старыя жыды стаяць, як хворыя, ля сваіх зачыненых або і забітых дошкамі крамак… Ой, булкі, булкі!!! Расхапалі… Глядзі ды аблізвайся. Жанчыны-ліцвінкі ідуць і плачуць. I плача-мяўкае на званіцы іх каталіцкі лвон. Касцёл. Грудок гэтых жанчын на каленях. Ксёндз — як старэнькі галодны акцер.
8-га верасня, учора, пісаў лісты. Насіў у канцылярыю і чуў там ад малодшага пісара, што падпалкоўнік Гноеў казаў, быццам вайна працягнецца найболей — два месяцы. А там — мір, і на зімовыя кватэры… Якое шчасце!
Усе салдаты казалі, што два тыдні будзем тут стаяць, бо Аўстрыя ўжо просіць міру. Я не верыў, але так хацелася верыць. Ах, каб праўда! Ах, каб так!
А тым часам я шлындаў галодны. Найшоў на нашых батарэйцаў, што гулялі ў карты, схаваўшыся, каб хто не ўбачыў. Запрашалі мяне. Адмовіўся. «Які ён, чорта, вальнашляючы: у карты не гуляе і грошы ні хваробы не мае…»
Увечары, неўспадзеўкі, выехалі на пазіцыю, недалёчка адгэтуль, і да паўночы капалі акопы. Перад тым як спаць, тэлефаністы яшчэ паспрачаліся аб грыбах (побач — магутны лес) і аб цыганах (пехацінцы злавілі нейкага няпэўнага на выгляд цыгана).
Сёння, 9-га верасня 1914 году, у аўторак, уранні, бульбу варылі, накапаўшы ў пустым маёнтку нейкага пана-паляка. I мутную бурду з прасаванае гарбаты пілі. Без цукру, бо яго маюць толькі афіцэры і іхныя дзеншчыкі.
Не паспелі мы аблізацца — «Абамунічвай!».
Ізноў паехалі на той бок Нёмну.
Тады перапраўляліся начою, цяпер — удзень. Памылі ў Нёмне рукі і боты. На беразе, дзе я мыўся, дужа смярдзела ад здохлай цёлкі. Рунь сялянская змешана з гразёю, нічога тут налета не вырасце. Перад намі была незвычайна прыгожая відаль. Унізе — яшчэ макрава ад марозу, а верхавіны дрэў — ужо абліты баграю восеннага сонца.
I сёння трапіў я на бунтаўніцкую гутарку нейкага прыгнатага надоечы кудлатага запасніка.
— Дурні мы ўсе, вось чаму нам трудна, і мы тут цягаемся…
Салдаты сапраўднае (па-расійску — «действительной») службы з патрыятычным задорам зараз асадзілі яго. Але як бы і сорамна ім было, як бы і чулі троху сябе дурнямі…
* * *
10 верасня.
Пішу пасля галоднага абеду галодны і грэюся ля вогнішча.
Начою зараўлі: «Абамунічвай!» Гадзіны ў дзве. А потым прамучылі ў няведамым чаканні і выехалі толькі ў гадзін пяць.
Ізноў назад за Нёман. Нейкае пракляцце турае нас з берагу на бераг. Гэтае пракляцце, урэшце, падае свой голас: вёрст за дзесяць перад намі загрукаталі даўна не чутыя нямецкія гарматы.
Раніца была незвычайна харошая на Нёмне-рацэ… Панарама чыстая, ясная, толькі Нёман унізе дыхае густою, белаю і сцюдзёнаю, параю. Мыцца яго вадзіцаю было дужа прыемна.
13 верасня.
Учора, 12 верасня, пасля паўдня, на падворку хутара, ля хаты, гледзячы на ўсход сонца, прыняў я прысягу «на вернасць цару і ацечаству». Даволі мізэрненькі вайсковы попік, немаладых лецяў, пасля кароткай працэдуры, шчыра ці няшчыра, расчуліўся, абняў і пацалаваў мяне, вітаючы «высокім званнем воіна яго імператарскага вялічаства гасудара імператара Мікалая Аляксандравіча, нашага добрага, кроткага цара-батюшкі…». Калі ён гэта мне ўкладаў, я чамусьці ўздумаў на наш народны погляд на прысягненне, як баіцца наш селянін усякае, самае страшнае, кары за зламанне прысягі. Аднак, бывае, прысягаюць і фальшыва…
Да гэтага часу я служыў без прысягі, як «малады салдат».
Учора ж мяне наградзілі і першаю нашыўкаю (быў кананір, зрабіўся бамбардзір).
— Будзь стоек у баі і міласціў к ворагу! — казаў мне добры попік.
«Буду… мне цяпер усё роўна».
Хадзіў потым за камандзірам батарэі з бусоллю. Ён выбіраў лепшую пазіцыю. Калі вярнуліся назад, камандзір убачыў, што батарэйная прыслуга аднаго аруддзя, замест паляпшаць бліндажы, спіць. У будцы з вецця пад дрэвам (батарэя стаяла пад лесам). Ён пацягнуў бліжэйшага за ногі, і калі той усхапіўся, заспаны, з усяе сілы бэцнуў яму поўху. Другія паўскакалі самі. Ён даў яшчэ двум-тром і з пенай на вуснах, ад шалёнай нервовай злосці, крыкнуў перарваным, дрыжачым голасам:
— Вораг на носе, а яны дрыхнуць!
Яму было дужа прыкра, што так зрабіў. Я бачыў па яго вачах. Калі ён схаваўся ў сваёй хаце, салдаты дражнілі пабітых і насміхаліся, асабліва тыя, што спалі ды ўцяклі. Але пабітыя, з чырвонымі ад аплявух мордамі, нядоўга былі збянтэжаны і зараз пачалі смяяцца разам з усімі. Дзіўная справа: на батарэі зрабілася як бы троху весялей пасля гэтае прыгоды.
14 верасня.
Вайна парушае ўвесь парадак жыцця. I ў святочныя дні бадзяемся мы тут брудныя, вашывыя, нямыцькі. Я і не ведаў бы, што свята, і дзівуюся, як аб гэтым помняць тут другія.
— У царкву схадзіць няма куды, — бядуе Пашын і лае Польшчу на чым свет стаіць.
— Дурны! Тут не Польшча, а Літва, — навучае яго Беленькі.
— Не адно ліха, — не згаджаецца ўпорчывы кастраміч. — Там касцёлы, тут касцёлы — скрозь адна Польшча і паны голеныя.
У мяне радасць: прыйшлі ад родных і знаёмых доўгачаканыя лісты, а з Вільні — некалькі нумароў «Нашае нівы». Камандзір быў якраз у канцылярыі. Ён пакруціў «Нашу ніву» ў руках, з асаблівай цікаўнасцю прыгледзеўся да мяне — і нічога не сказаў.
Радасць маю зняважыў старшы пісар Лебедзеў, калі камандзір выйшаў:
— Ахвота ж пісаць газеты на такой свінячай мове. Ведь по-русски так легко научиться.
Задрыжэла ў мяне ўсё ад гневу, але што я магу сказаць гэтаму чарнасоценцу, калі ён гаворыць так не ад цемнаты, а свядома і наўмысля. Пашын так не скажа.
Добра ў хаце, у канцылярыі. А на дворы сцюдзёна. Вецер, як узімку. Ішоў на батарэю і па дарозе думаў: ці прыйдзе той час, што не будзе імперыялізму, нацыянальнага ўціску, багатых і бедных, сытых і галодных, цёплых і сцюдзёных, не будзе салдат, вайсковай службы, вайны? Калі наступіць гэты залаты век? Эх, вецер, вецер! Сцюдзёна, браце, жыць на свеце! Нашто і за што гадуем мы тут «звяроў»? Праклятыя казюлькі, на якую хваробу стварыла вас «разумная» прырода? Наіўнае пытанне! I Лебедзеў — казюлька, і я — казюлька, і ўсе мы — казюлькі. I тыя нашы заўзятыя «свядомыя» беларусы, якія заўсёды вытыкалі мне падобныя развагі як слабасць духа, нягожую дзеля праўдзівага адраджэнца рэвалюцыянера, і яны самі казюлькі…
А ўсё ж я рад, што родныя мае ўсе здаровы, што ў дварэ ўсё добра! I недарма ж мы тут ваюемся, — да нечага ж даваюемся. I калі тут не заб'юць, прыйдзе пара паваюем і за што другое…