15 кастрычніка, 5-я гадзіна раніцы.

Сёння апаўночы з'ехалі з пазіцыі, на якой стаялі аж 2З даўгіх-даўгіх і нудных-нудных дні. Яе пасля нас заняла N-ская брыгада.

Куды едзем — не ведаю. Кіруемся на левы фланг.

У дарозе пакалелі. Ноч — як год.

Цяпер затое ем бліны ў цёплай хатцы добрага жмогуса (стаім на біваку). Гаспадар з жалем пазірае на маю прагавітасць і шкадуе салдата: «Салдотус — як сабак…» — «Так, ацец! Салдацкая доля — сабацкая».

Цягнемся далей.

Балота пад нагамі. Скрозь — туман; часам нешта сыплецца мокранькае і драбнюсенькае, туман не туман, дождж не дождж; дзесь варона: кра-кра кра! Мокрае лісце пад дрэвамі, дым з коміна ў хутарцоў, сабачка: гаў-гаў гаў!

Куды мы едзем?

16 кастрычніка.

На бівак прыехалі ўчора позным вечарам. Некалькі снарадных скрынак асталося ў дарозе, утапіўшыся ў гразі, і прыехалі ўночы. Коні нашы выбіліся з духу, пара ад іх ідзе, як белы дым. Людзі замардаваліся, цягнучы з балота гарматы, фурманкі і коней.

Начуем паміж гор.

Сёння дарога сушэй, і туману няма.

Навакол — горы, лагчыны, балотцы. Нямецкі аэрастат, як таўстая кішка ў небе, вісіць і вісіць. Здаваўся далёка справа, цяпер мы едзем проста на яго.

Прывал. Пяхота збірае трэсачкі грэць ваду ў сваіх кацялках і «апраўляецца», дзесяць раз ступіць адтуль, дзе п'юць гарбату і ядуць хлеб. Наш камандзір даў аднаму бізуна па спіне і шалёна крыкнуў: «Свінні!!»

Я надумаўся бегчы на бліжэйшы хутар, спадзяваўся купіць там хоць трошку хлеба. Хлеба я не дастаў, бо там ужо поўны двор салдатаў, але затое ўбачыў незвычайна прыгожых дзяўчат-жмудзінак. Іх было тры сястры. Прыгожая старэйшая, а яшчэ болей — меншанькая. Стройная, лоб высокі і белы, вусначкі крыху ўзнятыя, вочы доўгія і галубыя, дзве пушыстыя касы ззаду — светлыя і трошку кудравяцца, а форма рукі — ну прост класічная, асабліва ў сялянскай дзяўчынкі. Кожны рух, погляд, шаволяцца вусны — з нейкай простай, але харошай дзявочай грацыяй. Салодка было глядзець на яе мілае жмудзінскае і агульна-людское хараство. А сярэдняя — нецікаўная… «I чаму пакрыўдзіла прырода побач з гэткімі сёстрамі?» — думаў я. Меншанькая дужа падобна да старэйшай, але ў старэйшай усё ў пышным, сталым красаванні. Стаіць яна змычкаю лёну, не апрануўшыся, толькі накінуўшы на плечы цёпленькую хустку (косы выпушчаны поверх), стаіць і з пытліва-сумным чаканнем углядаецца, як салдаты ламаюць палкі ў плоце, крышаць дзіравую карзінку — на цяпло гатаваць у кацялках гарбату. Мне так захацелася пачуць яе голас, што аж сэрца застукала.

Я папрасіў:

— Прашам донас (хлеб), сурыс (сыр), пена (малако), кяўшыне (яйкі), яблыкас (гэтае слова стварыў «па-жмудзінску» сам)… Пінегу, пінегу (грошы)! — закрычаў я, каб не падумала, што дарма хачу. Болей не меў запасу слоў.

— Нека нейра… нека нейра (нічога няма)! — адказала яна ветліва, крышку засмучона ціхім, але прыемным гучным голасам. I пайшла ў сад на матчына гуканне.

I я туды падышоў. Там «гаспадаріс» (так тут кажуць) з хлапцом, падобным да сярэдняе сястры, бегалі паміж яблыняк, хапаліся то за куфры, вынесеныя сюды з хаты, то за кубел, то за груд убогага рыззя, і клапатліва, трывожна гаманілі і крычалі ў сваёй мове.

Я маркотны пацягнуўся з горкі, ад хутара, уніз к ручаю, дзе стаяла батарэя.

Ззіў-ж-ж — цю-юў! — злавешча прапяяла раптам неспадзяваная шрапнель і шпокнула на горцы над хутарам. Абстрэл быў гэткі нечаканы, што я ўталопіўся там, дзе стаяў…

Гляджу: пяхота сыпле ўніз, як бульба, бразгае кацялкамі, куляецца з вінтоўкамі ў адстаўленай руцэ — скок! скок! — хто куды, цераз плот, цераз канаву і навакол усяго хутара. З другой хаты хапаюцца ўцячы пяхотныя афіцэры, між іх знедкуль заблукаўся з сваёю скрыпкаю ў руках наш Дзікан. Бяжыць прытка, перагнаў усіх.

— Трывога!

Жжу-жшу-гру укх! — вагам, з растучымі націскамі ў гуках, як 6ы вал за валам, яшчэ болей злавешча прагудзела і, раптоўна змоўкнуўшы, а потым глушачы ўсё ў адзін жудасны момант, грокнулася троху воддаль ад хутара першая граната.

Сярод пяхоты ўзнялася невыражоная паніка, закапашыліся, як здзічэлы раскопаны мурашнік, бразгаталі кацялкамі, лапаткамі, цягнулі вінтоўкі за штык і беглі безвач ува ўсе бакі. Спакойны выгляд батарэі і крыкі афіцэраў абразумілі іх. Паваліліся пад узмежкі, прытуліліся пад бераг рэчкі, але бегчы перасталі, зніклі…

— Па конях!! — горда скамандаваў наш камандзір, батарэя рванулася, камандзір паехаў шыбка, а за ім стужкаю-вужакаю, не астаючыся, шыбка папаўзла батарэя наперад па дарозе.

* * *

17 кастрычніка.

Усяго я ўчора не дапісаў.

Як мы ад'ехалі ад таго хутара, абстрэл перастаў. Але перад самай ужо пазіцыяй трэба было пераехаць высокае голае месца. Мы пра гэта не ведалі, афіцэры нам не сказалі. А можа, і ведаў толькі камандзір. Выйшла нам гэта новаю неспадзяванкаю. Вораг з свайго проклятага аэрастату ўгледзеў. Толькі галава калоны ўзабралася на горку — гранаты, шрапнелі, гкрах-бух… Батарэя рынулася наўперад шалёным галопам. Потым я бачыў толькі тое, што было перад самымі вачмі. Я ішоў, а калі ўсё паняслося на злом карку, я ўчарэпіўся адзаду за тэлефонную двухколку, адарваўся, адкаціўся. Усхапіўся, пабег… Снарадная скрынка перакулілася, і коні цягнулі яе нейкі час дагары каткамі, кінуліся на дыбкі, убок, зблыталіся, заваліліся. Дзве пары вынасаў (коні), не ведаю, ад каторых аруддзяў, вырваліся з запрэжкі, праляцелі міма мяне па полі, пад свістам асколкаў і грукатам узрываў, цягнучы абарваныя пастромкі, кінуліся на лог, у балота і адразу ўскочылі па шыю. Потым я прысеў на адзін момант пад прыдарожнаю канаўкаю, бачыў, што на дарозе ляжыць шапка, нехта згубіў, мяшок аўса і нашы батарэйныя лапаты адвязаліся і паскідаліся. Батарэйцы і нейкія пехацінцы скакалі па полі, як вераб'і, быццам гуляючы з асколкамі ў хаванкі. Было гэта адзін момант. Пехацінец бег, хаваўся пад быльнік, ізноў выбег, страціўшы ад страху розум, махнуў рукамі і перакуліўся, — ранены… I я сарваўся і паляцеў наўперад, бо тут хавацца — смерць… Самая задняя гармата грыміць міма на адным коле, а другое задралася ўгару. У коней грывы задраліся, а людзі абшчапілі іх за шыі — і так шыбка-шыбка едуць. Я ўбачыў, што арудзійныя нумары ўзляпіліся на дула, на ўсю гармату, што зазвычай забараняецца. I я, не ведаю, якімі сіламі, кінуўся да іх і ўскочыў верхам на самы задраны кончык дула. Ніхто мяне не спіхнуў, нехта ж (дагэтуль не ведаю хто) схапіў спераду за гімнасцёрку і цягнуў, каб я не адваліўся набак, так я і ўседзеў. Зараз батарэя паехала з гары, і тут было зацішней, але ўвесь строй збунтаваўся, каб не наехаць на другіх, кідаліся міма, у бакі. I тут ізноў невялічкі пад'ём, на вышэйшым месцы хутар, і на хутар таксама б'юць снарады. Што было, пераказаць і нават уздумаць і разабрацца — трудна. Пярэднія зрабіліся заднімі. Нумары разбегліся, як спуджанае стада курапатак; непрыгожа прысядаюць да зямлі, калі рвецца снарад. Кожнае аруддзе, кожная запрэжка, кожны чалавек ірваўся і пёр наперад сам па сабе — галопам, скокам, наўскачка, рассыпаўшыся хто куды. Чорным дымам засцілалі іх гранаты. Свістала і сыпала смяротным гарохам з сівога клубочка-хмаркі шрапнель. Смерць таму, у каго яна клубіцца над самаю галавою. Бягу, бягу — у горле суха, горача, хрыпата. Вось наша тэлефонка — перакульнулася, конь заваліўся, ляжыць: ці жывы, ці забіты? Міма, міма!

Ужо не тое… троху сцішылася… змоўкла! Мы ўцяклі, мы перад высокаю гарою. Тут пазіцыя. Мы ўцяклі… А там, збоку і ззаду, на гэтым проклятым перавале, які мы пераязджалі, стаіць пад смерцю яшчэ адна батарэя, — якая, не ведаю. Чаго ж яна стаіць? Занясло яе пылам курам і чорным дымам завалакло. Чаго яна стаіць? Жудасна глядзець, як яна там гіне. Відаць: яшчэ бегаюць, капошацца там людзюхны, а па іх усё: гкрэ-эх! Дж-ж-фю-юў! I раптам гэтая пабітая, памёршая батарэя загрукатала!.. Забліскалі стрэлы, цераз нашы галовы зашумела, паняслося тое, што яна выстраліла. Батарэя бароніцца! Як радасны веснавы гром, гручыць яна нам увушшу. Яна бароніць сваю пяхоту, дае магчымасць заняць ёй выгодныя пазіцыі. Бароніць, аддаючы сябе ў ахвяру. Я нічога не разумею: адкуль яна там узялася, калі яна там стала? Я думаў, што і яна ехала, як і мы, у адной з намі калоне. Мусіць, не.

Ах — мы ў гарах! Горы, горы! Тут, збоку, лагчына. Хутаркі. Балота, торф капалі, вада. А навокал спераду — высокія горы!

— Скарэй! Скарэй!!! Скарэй!!! — чую, крычыць камандзір, крычыць капітан Смірноў, крычаць батарэйцы.

— Скарэй! Ратаваць таварышаў ад смерці!!

Дурныя слёзы засцілаюць усё перад табою. Батарэя гатова к бою? Не? Ах, чаму не? Мала людзей. Усе, хто можа, на пазіцыю! Першае наша аруддзе ўжо страляе. Пехацінцы гуськом нясуць ад перадкоў, з лагчыны, латкі з снарадамі. Батарэйцы — з імі. Сізоў ласкава шлёпае шашкаю па спінах, падганяе! Страляе другое! Гранатаю, гранатаю! Дзе ж людзі? Збягаюцца спозненыя нумары… Жарнулі б усёю батарэяю, — людзей мала! Скарэй! Скарэй!! Скарэй!!!

Радасць, радасць! З гары крычаць: «Абстрэлены аэрастат спускаецца на зямлю, спусціўся, спусціўся!» Спусціўся…

А калі я бег сюды міма хутаркоў, з бліжэйшага двара выйшлі тры старыя жмудзінкі, ідуць — шалёныя — на другі хутарок.

— Куды вы? Азад!! — памятаю, крыкнуў на іх, як у нас крычыць пастух на кароў.— Заб'юць вас тут, у пограб лезьце, хавайцеся!

Не разумеюць маёй мовы жмудзячкі… Свірэпа махаю на іх абедзвюма рукамі, каб вярнуліся. Пастаялі, паўзіраліся, назад панура папляліся.

Потым мы акопы капаць, тэлефоны правадзіць завінуліся. Уся батарэя страляць пачала.

Да цёмнага стралялі.

Тэлефон наш зараз перабіла (адразу два драты). Чатырох батарэйцаў раніла: феерверкера Абаротава, Пічугіна, Баяшку (цяжка) і запаснага Чысцякова. А якія былі страты ад пераезду — пакуль што не ведаю. Кажуць, аднак, што зусім маленькія: чалавек пяць, ездавых і нумароў, лёгка параніла, — і ўсё. I мяне дзівіць: ці гэта шчаслівы выпадак, што мала стратаў пасля такога пякельнага абстрэлу, ці што?

Тут пясок, капаць было лёгка, але акоп наш тэлефонны — «ад сонца толькі», як казаў Чарноў, прыйшоўшы да нас на кароткі час з наглядальнага пункту. Чарноў казаў, што нейкаму беднаму пехацінцу галаву адарвала, ляжыць там у нізінцы, дзе торф капалі. Уцякаў ад абстрэлу, як пераязджалі, і лёг. Ад Чарнова ж мы даведаліся, што тая батарэя, якая страляла з перавалу, — трэцяя батарэя нашага ж дывізіёну, і ішла ў адной з намі калоне. У яе дужа цяжкія страты, «але ўсім дадуць крыжы, і на месяц — у тыл», — казаў Чарноў. Пад'ехалі мы да нямецкіх пазіцыяў незвычайна блізка: простым вокам відаць была карзіна, падвешаная пад аэрастатам, у якой сядзяць нагля дальнікі.

Сёння «каўбаса» (аэрастат) ізноў вісіць, толькі значна далей ад нас.

Кажуць, уночы пойдзем далей. Кажуць, што ўчора наша пяхота забрала многа немцаў у палон і многа пабіла і параніла.

Батарэя страляе. Страляніна на ўсім фронце… Некалі пісаць. Пісаць у вязёнках трудна.

Трошку сціхла. Калі гэта пішу, выпушчана ўжо 807 шрапнеляў і 408 гранат. Нямецкія снарады пералятаюць цераз нас, бо мы за гарою, у «мёртвай прасторы». Усе чамусь зрабіліся надта пэўны, а ў маёй душы ёсць трывога нейкая… Саромеюся нават прызнацца, сказаць уголас.