Паставілі дзеці сіло. Вераб’я
Хацелі злавіць на пацеху,
Злавілі сініцу, крычаць: — Вой-я-я!
А радасьці колькі, а сьмеху!
Імчацца да маткі: — Сінічка, глядзі!
— А дзе ж вы узялі? — Злавілі,
Дастань ты ёй клетку, хутчэй пасадзі.
— Нядобра вы, дзеткі, зрабілі!
— Мы будзем яе і паіць і карміць,
Сьпявала б нам птушка прыгожа.
— Ах, дзеткі! ў няволі яна замаўчыць,
Сьпяваць у няволі ня можа…
Успомніце толькі, як нудна сядзець,
Як з хаты мароз не пушчае.
То ж дзень, вам здаецца, як тыдзень ідзець,
Хоць я і усяк разважаю.
А птушку вы хочаце з хаткі яе
Узяць, пасадзіць у чужую…
Ня мучце, пусьціце, рыбулькі мае,
На волю яе залатую.
I матчыны словы у сэрцах дзяцей
Ласкавыя струны кранулі,
I добрыя дзеці — прыклад для людзей! —
Сініцы свабоду вярнулі.