Думкі — дыямэнты, краскі жыцьця,
Песьні — вас гэтак люблю,
З вамі салодкіх гадзін забыцьця
Часам і я пазнаю.
Жыцьце-няволя ў чужой старане,
Працы надмернай яром
Зараз зьнікаюць, бы ў госьці ка мне
Вы паказаліся ў дом.
Слухайце ж, думкі: як прыйдзе мой скон,
Ў хатку зьляціце ка мне,
Хай перадсьмертны уцішыцца стон,
Сэрца на момант спачне.
Хай засьпяваю, як лебедзь, калі
Прыйдзе гадзіна яму,
Ўзьнёсшыся ў неба ад маці-зямлі,
Рыне ў адвечную цьму;
Хай засьпяваю аб сьне залатым
Веку людскога радства,
Роўнасьці, вольнасьці, брацтва — аб тым
Веку красы хараства.
Можа, пачуўшы прадзгонны мой сьпеў,
Сьціхла б на сьвеце вайна…
З радасным духам бы я паляцеў
Ў царства каханьня, відна.