Цябе спаткаў і сам ня знаю,
Ад сэрца шчырага кажу,
Якую, дзеўча, думку маю
I сьпеў аб тым які злажу.
Здаецца, нешта ўскаланула
Ў душы маёй ты неўзнарок,
Былога струны закранула, —
Зьвіняць ледзь чутна аддалёк.
Ці ж будзе час, што нам спаткацца
Яшчэ раз здарыцца калі
I струны сэрца разбрымяцца
У тыя песьні, што былі?
Ніхто ня скажа! Толькі знаю
I не ўтаюся ад цябе:
Няхай цябе я не спаткаю, —
Пакінеш сьлед ты па сабе.
I ў час, калі гадзінай шарай,
Сярод бязьлюдзьдзя, пустаты,
Нуда абляжэць чорнай хмарай,
Праменьнем сонца будзеш ты!