Эх, сягоньня, ў гэту ночку
Я ўцяку адгэтуль проч!
Шэрым воўкам па лясочку,
Хай дагоніць, хто ахвоч!
Хай тагды сярод дарогі
Станець хто — ня будзе рад:
Чорны вуж абкруцідь ногі,
Буду вужам, буду гад!
Хай тагды шукаюць ў лесе
Цёмных, вузкіх, воўчых троп!
Як арол у паднябесьсе,
Я ўзьлячу над земскі строп.
Ў небе роўным, чыстым шляхам
Яснай зоркай палячу
І скачуся па-над дахам
Роднай вёскі і ўскрычу:
— Гэй, хто ёсьць тут! Люд галодны,
Люд пакутны! Да мяне!
Станьма, брацьця, ў шых паходны —
Наша гора праміне.
Досыць нам зь нядолі віці
Ценкі жыцьця свайго пас,
Слухай, люд: прынёс я віці,
Хто за мною, брацьця? Час!
Ўстануць, рушаць: «Проч з дарогі!
Хто нам хоча заступіць?
Мы пайшлі, мы, люд убогі,
Ўсё узяць ці ўсё згубіць…»
Думкі, думкі-звадыяшкі,
Ах, ня мучайце мяне!
Вам ўсё гульні, а мне цяжка,
Мне няволя не міне…