Габруся ў жаўнерку ўзялі,
Ад дамоўства адарвалі.
Ой, Габруська, Габруська!
Зажурыўся стары татка,
Стогне цяжка, плача матка:
— Ой, Габруська, Габруська!
Залілася слязьмі люба:
— Не запомні, мой галубе,
Мой Габруська, Габруська!
Муштравалі ў войску строга,
Не давалі думаць многа.
Ой, Габруська, Габруська!
Дзецюкова сэрца б’ецца,
Бацьку ўспомніць — скаланецца.
Ой, Габруська, Габруська!
Дзецюковы думкі ўюцца, —
Матку ўспомніць, сьлёзы льюцца.
Ой, Габруська, Габруська!
А дамовы вецер вее,
Любу ўспомніць — абамлее.
Ой, Габруська, Габруська!
Захварэў Габрусь на службе, —
Ліст пісаці кажа дружбе.
Ой, Габруська, Габруська!
«Не чакайце мяне ў хаце,
Час прыйшоў мне паміраці».
Ой, Габруська, Габруська!
Ой, сканаў Габрусь ў чужыне,
Жаль ўчыніў сваёй радзіне.
Ой, Габруська, Габруська!
Засмуціў ён сваю любу:
— З кім пайду цяпер да шлюбу,
Мой Габруська, Габруська?!