Жарт

У самы жар, у летні час,
Ўжо ў поўдзень, па абедзе,
Назаўтра ў горад на кірмаш
Народу цьма ідзець і едзе.
Ну, ехаць добра, хоць пячэ,
Але ж ісьці дык во дзе мука!
А як з паклажаю яшчэ,
Дык то найгоршая дакука.
Хаця каб крышку адпачыць —
Ідзеш, ідзеш, ды трэба сесьці,
Бо пуд ці пару валачыць,
То не пярынку ў жмені несьці.
Калі ж карчма — ну, тутка стой!
Тут можна выпіць і паесьці,
А за работай мілай той
З знаёмым гутарку завесьці.
Зышліся гэтак ў карчме раз
Наш беларус, цыган, хахол,
I неяк трапіла на час,
Што за адзін прыселі стол.
Адзін узяў сабе мядку,
Другі — гарчыну, той — паўпляшкі,
Пакуль сядзелі ў халадку,
Зьвялі знаёмства, то ж ня цяжка.
Цыган да гораду сьпяшыў, —
Каня ён добра знаў ўсе вады, —
Купляў, мяняўся — не грашыў,
Купцам на коні даваў рады.
Хахол Маўчба ішоў з работ, —
Заробак добры меў, багаты, —
Шукаў сябра, каб без клапот
Даехаць зь ім да роднай хаты.
У горад брыў цялё прадаць
Наш Янка Цьвік, празваньнем Дыба;
Падатак мусіў ён аддаць,
А так — цялё самому трэба.
Адно вось так, другое не, —
Сядзяць і зюкаюць паціху,
Ажно глядзі ты, вохці мне!
Зайшлі у спрэчку, клічуць ліха.
Каб іх на царства узьвялі,
Аб гэтым здумалі спрачацца! —
Дык што рабіць бы пачалі,
Якою працаю займацца?
«Вось я, здаецца, добра б жыў,
Гульнуў бы я тады бясьпечна,
З сваім народам бы дружыў,
Кулеш ўсё еў бы ды яешні», —
Так кажа Янка першы наш.
«Ну, дзе твой розум, белавусы? —
Крычыць Маўчба. — Саўсім нямаш
Між вас разумных, беларусы.
От я іначай бы зрабіў:
Ў садку пад вішняю ляжаў бы,
Увесь урад пры мне б тут быў,
А я бы правіў ды сьпяваў бы.
А есьці — еў бы з салам хлеб,
Крышыў галушкі бы зубамі,
I сала з салам, і яшчэ б
Я сала так бы еў часамі».
«Каб вас пярун! — крычыць цыган. —
Абодва варты вы нямнога,
Вунь той аббіты ўвесь саган
Хоць грошык варт, а вы — нічога!
Каб я папаў у каралі,
Дык мне ўсё гэта было б мала,
З казны б украў я тры рублі,
Украў каня — і… махні драла!»