«Што, дзяўчаткі, парабочкі,
Казку вам сказаці?
Ну, якую ж проці ночкі
Лепей нагадаці?..
Добра!.. Слухайце уважна,
Не перабіваці!
Сядзьце чынам і паважна,
Кіньце блазнаваці!
За ваконцам вецер сьвішча,
Як ваўчына вые,
Ведзьмы справілі ігрышча,
Ведзьмы маладыя.
Ў хаце цёмна, ціха, смутна,
Цяжка а тужліва,
Уздыхае хтось пакутна,
Неяк сіратліва.
Ўдовай бабкі сын прыгожы
Сеў каля ваконца,
Чымсьці хворы, спаць ня можа.
Выглядае сонца.
Ведзьмы скачуць і гуляюць,
Зірк ў вакно: хлапчына!
У ваконца барабанюць:
«Выйдзі, малайчына!»
Выйшаў. Чуе — нехта плача,
Ціха нехта кліча:
«Сюды, сэрца! Гэй, бурлача,
Пакажы аблічча!»
Йдзець. На прызьбе каля хаты
Бачыць: маладзіца,
Пекнай ўроды, строй багаты,
Ясны, аж мігціцца.
Стаў і словам не азьвецца,
Моцна задзіўлёны,
А яна — дык проста рвецца:
«Мілы, улюблёны!
Сядзь жа поруч, не цурайся
Ды любі мяне ты,
Ты ж наблутаў, не сьпірайся,
На мяне цянеты».
Сеў хлапец несамавіты,
Зь ведзьмаю абняўся,
Вецер, злога прагавіты,
Роў і не спыняўся.
Рукі белы аплятаюць,
Ўюцца каля шыі:
Кроў прыціскі калатаюць…
Вецер сьвішча, вые.
Потым палкім пацалункам
Ў вусны упілася…
Сэрца смокча… і з рабункам
Ў віхры паняслася.
А дзяціна так ля дому
І сядзець застаўся…
Ведзьмы вобраз маладому
Доўга ўспамінаўся.
Як успомніць — сэрца рвецца
Проста у скумацьце,
Да нічога не прыткнецца,
Ўсё сядзіць у хаце.
І канец. А ведзьма? Можа,
Да другога ходзіць,
Маладая, ды прыгожа
Жарцікі разводзіць.