Там, дзе сумна, з краю бора
Ў тры ваконцы сьвеціць хатка,
I зь лясной травой гавора
Буракоў і бульбы градка;
Дзе жаўцеюць тры загоны,
А на кожным па дубочку,
Ціха шэпча бор зялёны
I глядзіцца ў ручаёчку;
Дзе чутно, як сонца грае
На праменьнях сьвету горда
I ніколі не зьмірае
Зык шчасьлівага акорда, —
У тэй хатцы, пры тым боры
Асялілісь аж тры горы:
Сын даўно пайшоў ў жаўнерку,
Хоць, здаецца, меў ён льготы…
Ах, згубілі Казімерку
У жаўнерцы тэй сухоты!
Доню мелі… Божа воля!
Выйшла замуж, ён п’яніца…
Што падзееш? мусіць, доля!..
I памерла белаліца.
Мелі мейсца. Хлеб трымаўся,
Быў рызман, хаця і зрэбны,
Пан лясьнічы штосьць ўзлаваўся:
«Вы мне, кажа, непатрэбны…»
Аж тры жалі, аж тры горы,
Там у хатцы, там пры боры!