Я бачыў: Сын Яго стаяў
На пушчы і маліўся
I словы ў гневе прамаўляў,
А твар слязьмі абліўся.
— Ах, дай мне, Ойча, моцных слоў!
Маланак слоў палючых,
Бо кроў мая сачыцца зноў
Із ранаў тых балючых…
Дзівіся, Пане, слабы я,
Саўсім ня маю сілы;
Гарыць, баліць душа мая, —
О, дай жа моцы, Мілы!
Паглянь: паўсюдах з краю ў край
Рабунак, глуз пануюць,
I льецца сьмех тых чорных зграй,
I ўсё зь зямлёй раўнуюць.
Зірні: дзе пекнасьць тая, што
Надаў нам, Міласьцівы?
Тваіх правоў трымае хто,
Братэрства, згоды хцівы?
Схініся к нам Ты і абач:
З гадзінай горш жывецца,
Цяжэе боль, мацьнее плач,
Галоў ўсё болі гнецца.
Паслухай ноччу, ўдзень, Сьвяты,
Скажы маўчаці звонам, —
I колькі жальб пачуеш Ты!
Зямля азьвецца стогнам…
Узглянь: навокал чорны сьвет,
Прыцьмена праўды слонца,
Надзеі ў людзях болей нет, —
Пашлі ж ім Абаронца!
Ах, дай мне, Божа, гэткіх слоў,
Зямля б ад іх траслася!..
Баляць бо раны мае зноў,
I кроў зь іх палілася…
Пашлю тады маланкі ў люд,
Ў бясшчасны той брадзіці,
Блішчэць, яскравець там і тут,
Праўдзівы гнеў будзіці.
Мільёны кіну перуноў
У тых, каго я знаю,
У тых, маю што сочуць кроў,
У тую чорну зграю.
Тагды ізноў, як колькі раз
На сьвеце ўжо бывала,
Настане Твой вялікі час,
Твая засьвеціць хвала.
Малюся ж, — дай мне гэтых слоў!
Сцаліш мяне, паможаш;
Гарыць душа, баліць ізноў…
Вялікі! дай, як можаш!