У любы маеі дый косы ільняныя й вочкі нябескія,
Губкі вішнёвыя;
I шчочкі ружовыя, шыйка і ручкі, як бель лебядзіная, —
Грудкі пуховыя;
I голас у любай, як ў лесе зьвінючай, бліскучай крынічанькі
Сьпевы адвечныя;
А ўсьмешка каханай — ў зялёным аксаміце лугу мурожнага
Перлы сланечныя;
Ідзець каралеўнаю, добрай, ласкаваю, роўнай паходкаю,
Ціха ступаючы;
Заўсёды ўсьміхаецца думцы захованай, ў сэрцы мілосную
Песьню сьпяваючы;
Вяночкі штовечара ў рэчку спушчаючы, кажа: «Плывіце вы
Разам з вадзіцаю!
Скажэце каханаму: станем прад Богам мы параю шлюбнаю,
Хоць бы з грамніцамі».
А гэтак далёкая! Так яно, зорачка захаду раньняя,
Будзе і станецца.
Над нашым каханьнейкам людзі ня сільныя, леты ня ўластныя —
Хай жа мінаюцца.