Казаў настаўнік мне (ён блізкі быў Прароку,
Які жывым узьняўся ўвыш, ў блакіт нябескіх сфер):
«Мой сын, з пачатку мы падуладны пану-Року —
У гэта вер.
Які бы крыж табе ні выпаў ў жыцьці гэтым:
Галеці век чы быць царом і царскі мець пасад,
Ў балоце бросьнеці чы йсьці к нязнаным мэтам, —
Яго загад.
I вось калі табе трываць ня хопіць змогі,
I цяжкім здасца крыж табе і доля вельмі злой,
Ня трэба, сын, шукаць лягчэйшае дарогі, —
Ідзі старой.
I мусіць час настаць: убачыш сьвет праменны, —
Ідзець ўладар адвечны твой, яго спаткай здалёк,
Узьдзеўшы бітвы меч на свой паяс раменны.
I скажа Рок:
«Ідзі хутчэй, слуга! Спавіты сьвет маркотай,
Ў ім крыўды легіён забраў зямлі апошню чвэрць,
Нясі ж свой праўдзе меч. — Мой сын! ідзі з ахвотай
На чэсьць і сьмерць».