У гэту ноч мне няўмоч —
Няма сілы чакаць і маліцца…
Каб я ўмеў, каб я сьмеў
Узьляцець, паляцець ці разьбіцца!
Як сакол, як арол,
Я падняўся б высока страшэньне,
Я б узяў, я б украў
І сабе і усім адпушчэньне.
Калі ж не, калі б мне
Адпушчэньня на небе ня далі,
Я б маліў, я б прасіў,
Каб і крыльлі мае паламалі.
І тады, наўсягды
Папрашчаўшыся б зь небам, зямлёю,
З гарыні, з вышыні
Паляцеў бы за сьмерцю сваёю.
Але ж не, то ня мне
От такая вялікая доля:
Узьляцець-паляцець
Ці упасьці разьбітым на попе.
Не пры нас сьвяты час
Вызваленьня людскога настане,
Мо’ празь век чалавек
Да вялікага жыцьця устане.
Безь бяды, без жуды
Будзе жыць-панаваць, весяліцца;
А для нас — цяжкі час —
I чакаць, і цярпець, і маліцца…