Спаткаў сягоньня я сваю Нядолю,
Знайшоў яе у сіненькім ляску.
Брадзіў бяз мэты я, душа гарэла з болю,
I думаў: будзе мне лягчэй у халадку.
Спаткаў, пазнаў яе і вось пытаю:
— Скажы ты мне, Нядоленька мая,
Багата жыцьця кніг яшчэ перачытаю?
Калі і на якой чытаньне скончу я?
Скажы, ня крыйся мне, мая камратка,
Дзянькі мае маркотныя чаму?
Адзін ў адзін ідуць, ва ўсіх адна апратка,
Як душы грэшныя ці вінныя каму.
Чаму, яшчэ скажы, мая ядына,
Люблю зямлю, вялікі жыцьця ток,
Як неба зорачкі, каханьнем моцным сына,
А сам — адлучаны ад дзераўца лісток?
Яна у вочы люба мне зірнула,
Ўзлажыла белы ручанькі на мне,
Маўляў, сястра мая, да сэрца прыгарнула,
Часамі так цябе каханка прыгарне.
— Чакай, харошы мой, пакінь задумы!
Душу сваю пытаньнямі ня муч,
Зірні на гэты лес, прыслухайся у шумы,
А можа, знойдзеш ты жыцьцёвы вечны ключ!
Стаіць магутны лес, ізноў убраны
Ў зялёны ліст дагледлівай рукой,
I п’ець спажыўны клёк, старыя гоіць раны…
Зірні: якая моц! Зірні, які спакой!
Штогод ўміраець ён парой асеньняй,
Каб зноў аджыць, убачыўшы вясну.
I гэтак ўсё ідзець чаргою пераменнай:
То скіне сон з вачэй, то зноў ідзець да сну.
Расьцець дубочак тут, — які зялёны!
Другі, стары, калодаю палёг;
I сын ідзець ўгару, як бацька ў час мінёны,
Што даў жыцьцё яму, а сам зваліўся ў мох.
Цячэць ручайка вось, і ту ж ня стала!
Няма яго, схаваўся у зямлі,
А недзе — тамака рака зямлю прарвала,
I воды тэй ракі па лузе пацяклі.
I ты, о, любы мой! Як лес зімовы,
Заснуў, ляжыш, ня можучы устаць,
Але наступіць дзень вясёлы, пекны, новы,
I радасьць вольнасьці павінна завітаць.
Дзянькоў маркотнасьць ты сваіх ў распачы
I тэй сваей адлюднасьці ня гудзь:
Пакуту Рок табе, шчасьліваму, прызначыў,
I ўдзячным за яе Вялікаму ты будзь.
Няма пакуты дзе — няма пазнаньня,
Душа тагды лагчынамі паўзець,
А што гарчэй, скажы, цяжэй перапаўзаньня?
А што страшней яшчэ, як вочмі не глядзець.
Аб сьмерць пытаеш ты? Калі сканчыцца
Жыцьцё тваё, — міленькі, не пытай!
Спрабуй ад думак тых, ад хворых палячыцца,
Прыходзь у гэты лес — паветра тут глытай.
Жыві, каб жыцьце даць другім, малодшым,
Як дуб стары, што ўзгадаваў дубка.
А там… ручайка зьнік! I мы пуцём каротшым
Пайдзём ў зямлю за ім, каб выплысьць, як рака.