Прыказала слонца ветру
Перастаці,
Прамаўляла: «Годзе, ветрэ,
Бусаваці».
Прамаўляла: «Дай жывёлам
Адпачынку,
Перастань жа, ветрэ, дзьмуці
Безупынку».
I ўзышло ў бліскучай шаце
Залатое
I пястуець любым вокам
Ўсё жывое.
Не сядзіцца ветру ў хаце —
Быстраходу,
Не уцерпеў, ўзьняўся бурай
Ад заходу.
Карагоды хмар па небе
Панясьліся,
Паліліся зь неба сьлёзы,
Паліліся…
Прамаўляла дзеўча сэрцу —
Ненаглядзе:
«Не хадзі ты вішні есьці
Ў чужым садзе.
Не хадзі к другой ў залёты,
Не ўдавайся,
У другія вочкі, любы,
Не ўглядайся».
Лугавой лілеяй дзеўча
Расквітала,
Цалавала сваю ўцеху —
Мілавала.
А няверны той удаўся
За другою, —
З млынароўнай пахаджае
Над ракою.
З млынароўнай жарты строіць
Каля млына,
А дзяўчына сохне, вяне,
Як галіна…
Ой, з-за хмарак ясна слонца
Йшчэ узыйдзе,
Да дзяўчыны ж любы ўвечар
Больш ня прыйдзе.