Праўду мусім ведаць, браце:
Покуль мы ня ў роднай хаце,
Не на ніве покуль роднай, —
Нашай думачцы ніводнай
Век ня спраўдзіцца, ня збыцца —
Мусім ў цеснай клетцы біцца
Нашых думак, і жаданьняў,
I няволі наляганьняў.
У гароце, у няволі
Без пасьпеху, а паволі
Нешта розум ў нас вымае,
Смокча душу — выпівае
I за шыю душыць больна,
Што часамі мімавольна
З болю гэтага заплачыш,
Што аж слонейка ня бачыш!
Мусім ведаць, што мялеем,
Што паволі ўсё малеем,
Не жывём, але канаем, —
Зранку долы вымяраем
I надзею штодзень губім,
Хоць яе, як жыцьце, любім.
Нашы брацьця — там, на волі,
Паляглі моў-ся на полі,
Чыстым полі ваявецкім,
Велькім колам маладзецкім,
З пасячонымі плячыма,
З выпалёнымі вачыма.
Мы зьявілісь зь яснай казкі,
Братняй міласьці і ласкі,
З краю-Далі, краю-Сьвета,
Дзе цяплюхна, вечне лета, —
А нас кінулі у пушчы,
Ды у холад, дый у гушчы,
Дзе брат з братам вечне б’юцца,
Спруцянелі, а дзяруцца.
Мы хацелі даць ім сьвету,
Зруйнаваці пушчу гэту,
Даць ім міласьці прагненьне,
Дзён шчасьлівых даці меньне…
Мы ішлі вялікім валам,
Войскам буйным а зухвалым,
Ды ня стала нашай мочы:
Сьвет слабейшы быў ад ночы…
Што ж? Няхай! Няхай так будзе,
Мусіць, гэтак доля судзе.
Цяжка, страшна жыці, праўда,
Дык цярпеці ж нам ня наўда.
Так на моры-акіяне
Часам хваля перастане…
Можа ж, прыйдзе навальніца,
Толькі б ветрыку зьявіцца!
Будзем ў неба цікавацца,
Будзем зорак прыглядацца;
Без пакоры у пакоры
Перабудзем сваё гора.
Мо’ і нам аднекуль зь неба
Скажуць: «Чуйце, ўстаньце, трэба!»
I ўзмацьняць. Парвуцца путы,
Будзе вольны, хто закуты.
Не адны, а з грамадою,
Разам зь людзьмі, Чарадою.
Пойдзем поплеч зноў у далі,
Скуль прыйшлі і скуль паўсталі.
А калі ж ня хопіць сілы
Ўстаць на гэты воклгч мілы, —
Сэрца хоць мацьней заб’ецца,
Твар пахмурны усьміхнецца.
Можа ж быць, раней загінем,
Дык усё ж мы сьлед пакінем,
Бо, браток, хоць промень сьвету
Прынясьлі мы ў пушчу гэту!