Няхай душы, каторай Бог надаў любоў,
Праклёны — грэх, — аб гэтым буду знаць я!
Кляну цябе, кляну цябе ізноў і зноў,
I буду праклінаць я.
То ж ты ка мне прыйшла, як волю адабраў
Тыран маю, скуў цела ланцугамі,
I думкі вольныя з душы павыдзіраў,
I растаптаў нагамі!
То ж ты прыйшла тагды і стала ля вакна
I ў вочы мне зірнула цераз краты,
Ты, подлая, ніхто, як ты адна,
Ты будзь праклята!
То ж ты мяне, як маці, моцна абняла,
Сьлязой спаўчуцьця бледны твар абліла,
Што хвіля ясных зор, сьвятых ахвяр прайшла, —
Ты гэта гаварыла!
То ж ты казала мне, каб я, хаця на час,
Зьмірыўся бы, пакуль тыран катуе,
А ён усё гняцець! Душыў ня толькі нас, —
На ўсіх лютуе!
То ж ты шаптала мне: «Успомні, што ты сын,
Пацеха старасьці». Калола грудзі
Мне тым. А дзе закон: «Ідзі, свой дом пакінь
I родных людзі?»
То ж ты аблутала душу ганебным сном,
I вось яна: гатовая магіла.
Замест жывой зямлі кладуць труну зь мярцом…
То ж ты зрабіла!
Пусьці ж, абрыдлая, з тваіх ласкавых шпон,
Няхай памру, калі ня буду жыў я,
Абы мне споўніці сьвяты жыцьця закон,
Абы ня згніў я!