Дзядзька Тодар, два Праньцішкі,
Сват Гілерык, кум Тамаш
Раз ў мястэчку Зацьвілішкі
Насьмяшылі ўвесь кірмаш.
Што было прадаць — прадалі,
Кум Тамаш зьмяняў каня,
Покі ўсё панакуплялі,
Зірк — ай-ей: каля паўдня!
— Праўда, справіліся ёмка,
Але ж хай ты… во, абед…
— Ну дык што! Хадзем ў карчомку! —
На суседзяў так сусед.
Ўзялі кварту. На закуску
Пару ўзялі тараноў.
Што ж ім кварта? На затруску!
Ўзялі квартачку ізноў…
Больш пілі дзядзькі, чым елі:
Квас, гарэлку, піва, мёд.
Быццам чмелі, загудзелі,
Як і ўвесь ля іх народ.
Хоць там словы ледзьве вяжуць, —
Тэй бяды! А што ж маўчаць?
Той штось скажа, той заўважыць,
Кіне чарку наліваць.
Так ад цэнаў, бульбы, меры,
Што на рынку хвальш дае,
Зачапілі справы веры
Дый… счапілісь за яе!
Гэтта слоў ім не хапіла, —
Знана вёска: словаў брак!
Потым, слова — хіба ж сіла?
Хіба ж зробіць, як кулак?
От і пляснуў Тодар ў вуха
Па-суседску Тамашу,
I паўстала завіруха
У карчме на кірмашу.
Кум Гілерык, сват, Праньцішкі,
Тодар, — зьвіліся ў клубок…
Ўсё мястэчка Зацьвілішкі
Раптам зьбеглася ў шынок…
Праз гадзіну дзед Ігнацы
Ўсіх бусайлаў тых мірыў:
— Ці ж ня сорам гэтак, братцы? —
Дзед паважна гаварыў. —
Ну, наліха вам сварыцца?
З розных вераў вы — адны
Дзеці гэтае зямліцы,
Краю гэтага сыны.
Вера з жыцьцем ўсім даецца,
Хто іх даў — яму іх знаць!
Дурань той, хто спадзяецца
Веры сілай паяднаць.
Мы і так, браткі, зьнявагі
Досыць мелі ад чужых,
Каб спрачацца без развагі,
Ці ня цешым толькі іх?
Глузу хіба ж вы ня мелі?
Біў чужы вас лёгка сьмех?
Эх вы, шэршні! Эх вы, чмелі!
Ну, ня сорам вам?.. Ня грэх?..