Край чужы — за веру кара —
Сьнег, мароз ды горы.
Белы сьвет, як чорна хмара,
Заступілі горы.
Край чужы… I ты чужынец
Ўсім, ня свой здаесься:
Ходзіш скрозь, як той адзінец
Старакосны ў лесе.
Ходзіш ты, ніякай мэты,
Так, — абы цягацца,
Знаць сабе: жывеш яшчэ ты…
Для чаго ж, спытацца?
Хто цябе спагадным сэрцам
Да сябе прытуле?
Хіба з стрэльбы чужаверца
Чужаніца-куля.
Хто цябе спаткае міла,
Ў дом папросіць гожа?
Хіба дол, адно магіла
Разгарнуцца можа.
Што з таго — часамі сьніцца
Край, ў якім радзіўся?
Толькі мусяць сьлёзы ліцца, —
Лепі б і ня сьніўся!