Засьцянковая аповесьць
Бліжыцца поўнач. У гэтай парэ
Сон пахаджае па панскім дварэ.
Сьпяць, паканчаўшы звычайную працу,
Чэлядзь ў пякарні, паны у палацу;
Толькі стары вартаўнічы Ігнацы
Ходзіць з клякоткай і піпкай сваёй:
Двор сьцеражэ ад людзіны ліхой.
Ходзіць стары і мурмоча пад нос:
— Ну і пракляты ж сягоньня мароз!
Новы кажух прабірае, пся вера,
Быццам кажух — не кажух, а папера!
Брэша, ня зломіць старога жаўнера, —
Панна Эмілья, хай Бог ёй аддасьць,
Вызваліць з гора, ня пусьціць прапасьць.
Цёнгле, як толькі пачнецца цямнець,
Зараз палынаўкі з кухні нясець,
Міла глядзіць і ласкава сьмяецца:
— Хочаце, можа, Ігнацы, пагрэцца? —
Гэткі парадак ня ўсюды вядзецца!
Добрае сэрца! Павет абысьці,
Роўную паньне, бадай, каб знайсьці…
Адвэнт [1]на сходзе. Яшчэ да каляд
Тыдзень астаўся адзін акурат.
Неба у зорках, і кожна зь іх зьзяе,
Месяц зялёны свой сьвет пасылае,
Лёгкі марозік за шчокі хапае,
Сьнег пад нагамі прыемна рыпіць, —
Ведае варту Ігнацы, — ня сьпіць.
Панна Эмілья тым часам сабе
Вечар праводзіць у нейкай журбе:
Нейкія брэдні плятуцца дзяўчыне, —
Быццам яна не ў дварэ ахмістрыня,
Быццам яна не жывець ў ахвіцыне,
Быццам яна немаведама хто,
Хочацца сэрцу няведама што.
Ўспомніць мамульку, татульку, свой дом,
Ўспомніць сябе невялічкую ў ём,
Старшага брата і няньку-бабульку,
Тэклю, Агатку, Ганульку, Аршульку,
Даўных равесьніц… кароўку Рабульку…
Дзе яно ўсё? I ня вернеш тых дзён,
Зьнікла, як дым, расплылося, як сон!..
Страшна і ўспомніць далёкі той год
(Чорным яго называе народ), —
Пошасьць з касою па сьвеце хадзіла,
Панну Эмілью сіроткай зрабіла,
Родных, сямейку зямлёю пакрыла.
Доля, няйначай, — ў яе ўсё руцэ:
Ўзялі паны гадаваць пры дачцэ.
Ўстане, паходзіць і сядзе ізноў,
Б’ець у галоўку гарачая кроў;
Нейкія ў сэрцы парваліся тамы [2],
Твар то збляднее, то зробіцца ў плямы…
Стане прад маткай сьвятой з Вострай Брамы [3],
Просіць: «Прачыстая, згінуць ня дай,
Гора адкінь, ад бяды захавай!»
Ручкі заломіць, і сьлёзы цякуць…
Новыя думкі ізноў набягуць,
Жыцьце у людзях сабе выкладае,
Цяжкае жыцьце! Хаця спагадае
Маткі заступніца — пані старая,
Пан як бы родны, — нявесела жыць!
Час у жалобе, ў маркоце бяжыць.
Хочацца сэрцайку ласкі ня той, —
Хочацца спогадзі паньне другой…
Тэкля, Аршулька, Ганулька — малжонкі,
Шлюбныя носяць на пальцах пярсьцёнкі…
Моліцца панна да ўласнай патронкі:
— Панна сьвятая, ты неба ўмалі,
Вернага друга мне ў жыцьці пашлі!
Потым ўсьміхнецца прыгожа… Каму?
Ведама — пэўне, яму аднаму…
Рожы [4]цьвітуць на бялюсенькім твары,
Што ж тут за цуд і чые ж гэта чары?
Праўду сказаць? Вінаваты гусары,
Ну, хоць ня ўсе, дык, прынамсі, адзін
Паньне прычынай маркотных гадзін.
Статны, прыгожы, — праўдзівы жаўнер, —
Гляне — як сокал! Які ж кавалер!
Майстар на жарты які, на хіхоты,
Як удаецца ў шабунькі, ў залёты,
Лёсткі пушчаць — навучыся ў яго ты!
Як ён часамі умее глядзець,
Ў танцы які! — не пазволе сядзець!
Ручку як сьцісьне, на вуха шапне
Слоўца такое, што й сэрца замрэ!
Шкода, нядоўга яны пастаялі…
Толькі тры тыдні ўсяго балявалі
Гэтта ў дварэ і паехалі далей.
Рушылі ў Вязьму, а стуль пад Маскву,
Чуець паненка, маўляў, наяву,
Як прад ад’ездам ён цяжка ўздыхаў;
Помніць — навекі аб ёй прысягаў,
Як ад’язджаючы, бачыць, скланіўся…
Праўда ж? Ці помніць? Ці, можа, забыўся?
Любіць? Ня любіць?.. Ў другую ўлюбіўся?
Можа, ўдаваў закаханьне на жарт?
Трэба аб гэтым спытацца у карт!
Праўда, што адвэнт і грэх варажба,
Што ж — калі гоніць ў сухоты журба!
Бог міласэрны няхай выбачае…
Панна Эмілья ў красэлка сядае,
Талью картуе, шэсьць карт выкладае,
Сёмая карта кладзецца пад ніз.
Хітры пасьянс пачынае: «Маркіз».
— Любіць? ня любіць? Любіў? не любіў?..
Верным астаўся?.. Ці верным ня быў? —
Шэпча паненка. Пасьянс збунтаваўся…
Дзе ж той чырвоны кароль падзяваўся?
Мусіць, ня любіць!.. Не, гэты ня ўдаўся!..
Іншы спрабую цяпер разлажыць —
Час памаленьку бяжыць ды бяжыць.
Поўнач прайшла. У дварэ петухі
Раз прапяялі з-пад цёплай страхі,
Крайчыкам месяц з-за туч выглядае,
Панна Эмілья варожб не кідае,
Новы, хітрэйшы пасьянс раскладае:
— Любіць, ня любіць, любіў, ашукаў,
Верным астаўся ці ім не бываў?
Рыпнулі дзьверы… I вось на парог…
Панначка — зірк! — гэта ж ён, далібог!
Палец да губ прылажыў, усьміхнуўся,
Дзьверы прымкнуў за сабой, азірнуўся.
— Панна чакала, каб я дый вярнуўся?
Ціха на пальчыках к ёй падышоў,
Дзеўча адразу ня знойдзе і слоў.
Потым зьдзіўленьне крыху адышло.
— Скуль пан узяўся і што прывяло? —
Гэтак пытае. Урода асанны.
Сам, як ягнятка, ласкавы, рахманы.
— Жыць не магу без каханае панны!
Мусіць, нігдзе не спаткаю такой…
Дай ты мне шчасьце, вярні мой спакой!
Рукі злажыў і на коленкі стаў,
К ножкам дзяўчаці галоўкай упаў.
Панна Эмілья, смуціўшыся гэтым,
Хоча устаць, адхіснуцца, а дзе там!
Ён не пушчае і моліць ўсім сьветам:
— Будзь гаспадыняй, царыцай маёй,
Сэрца зьлячы мне, душу заспакой.
Што тут рабіць? Гэта ж могуць пачуць,
Потым у вочы усе засьмяюць:
Панна уночы госьцяў прымае!
Ручкай гусара з кален падымае,
Просіць устаць, не крычэць, сунімае,
Садзіць у крэсла, прыносіць вады…
— Ціха, мой пане, наробіш бяды!
Людзі пачуюць, — нічога табе, —
Сеў дый паехаў, і сам па сабе.
Я ж і назаўтра тут мушу астацца;
Будзе ад сораму недзе схавацца,
Людзі пачнуць як навокал сьмяяцца:
«Ў панны Эмілі ёсьць кавалер».
— Хай не сьмяюцца! Бо плакаць, павер,
Будуць, паненка, яны над сабой,
Покуль гуляю яшчэ з галавой,
Покуль ня судзіць мне доля прапасьці,
Хіба сама ты захочаш напасьці,
Думкі ня споўніш маеі аб шчасьці.
Ведай: прыехаў забраць я цябе,
Ў разе ж нязгоды — застрэліць сябе.
Бачыш, кладу я на стол пісталет:
Коркі падняты, набоі як сьлед.
Добрая гэта турэцкая штука!
Дзед адабраў на вайне ў мамалюка [5];
Можа, сягоньня прыдасца на ўнука.
Воля твая: рассудзі, выбірай, —
Шчасьцем дары ці насьмерць пакарай.
— Пан, не даеш мне з чаго выбіраць,
Я не хачу ні судзіць, ні караць!
Як жа так раптам… Ці ж можна, скажэце?
То ж не гульня, а мы з панам ня дзеці, —
Трэба падумаць яшчэ, паглядзеці.
— Панна Эмілія, мне не пярэч!
Хіба ня любіш?.. Ня панская рэч!
Пану да гэтага дзела няма,
Ведаю думкі свае я сама,
Можа б, любіла, каб гэтак ня ягліў [6],
Так не пужаў і з адказам ня нагліў [7],
Быў да паненак ня гэтак павадліў,
Можа б, тагды і пайшла… А цяпер?! —
Панна збляднела, маўляў, бы папер;
Хоча сказаць і баіцца сказаць,
Вочкі спусьціла, павекі дрыжаць…
Той жа гусар, як смала, прычапіўся,
Ручку цалуе і з крэсла ўсхапіўся,
Зноў на каленях у ног апыніўся.
— Слонейка, — просіць, — кажы, не чакай:
Ў пекла мне судзіш ці разам у рай?
Любіш — ня любіш, шкадуеш ці не,
Дай жа спакою, ня мучай мяне!
Сэрца паненскае, ведама, з воску,
Возьмем мы места ці зьвернемся ў вёску,
Толькі б агоньчык і зараз жа сьлёзку,
Ясную сьлёзку на вочка пашле,
Хоча — ня хоча, дый скажа «але».
Гэтак і з паннай Эмільяй было.
Нешта ад сэрца к грудзям падышло,
Потым у горле клубком перасела,
Быццам бы выскачыць сэрца хацела;
З вочак сьлязінка скацілась нясьмела,
Сьледам другія сьпяшаюць ісьці…
— Люблю, — кажа панна, — люблю… адпусьці!
Ускочыў, падскочыў гусар малады
Так, як бы чорт ад сьвянцонай вады.
Рады, сьмяецца і ручкі цалуе,
Пусьціць, абніме, ізноў прымілуе,
Ну, не раўнуючы, мора хвалюе!
Нават апомніцца ёй не дае,
Рупіць зьбірацца, капоцік ўзьдзяе.
Гасіць лаёўку, вядзець на парог,
Клямку шукае… Ды Бог засьцярог:
Панна зірнула каханку у вочы, —
Так, як вугольлі, гараць сярод ночы…
Верыць — баіцца, ня верыць — ня хоча.
— Хто тут? — пытае. Ён цягне, маўчыць…
Панна ў трывозе тады як ўскрычыць:
— Маці Прачыстая! Ў помач прыйдзі!
Згінь ты, шатане, — мара, прападзі!
Згінь, прападзі ты, нячыстая сіла! —
Правай рукою яго ахрысьціла.
Чуе: рука, што трымала, пусьціла.
Прывід той страшны прапаў ў цемнаце.
— Кінь варажыць ў адвантовым пасьце! —
Голас чужы з-за дзьвярэй прагрымеў.
Панна… прачнулась. Ліхтар абгарэў,
Мусіць, даўно дагарэла лаёўка,
Смрод у сьвятліцы… балела галоўка,
Ціха празь сені прайшла пакаёўка.
Стары гадзіньнік паказвае пяць…
— Ах, як заспалася!.. Трэба ж так спаць!