За тысячу вёрст ад радзімага краю,
У стэпу, пустэчы бязьлюднай
Сумуець казак па загубленым раю,
Па маці-Украіне цуднай.
Няма яму волі, пад вартаю пільнай
Начуе і днюе і ходзіць,
Ніводнай ня мае людзіны прыхільнай,
Самотна дзянёчкі праводзіць.
А думка, як віхар, імчыцца, нясецца
Ад берагу мора Аралу
На родну старонку, дзе вораг сьмяецца
I ўсіх абдзірае памалу.
Ў душы яго ласка, каханьне малююць
Пакутніцы вобраз бяз сказы.
Ах, мучаць Украйну, рабуюць, ганьбуюць!..
Імчацца, нясуцца абразы:
«Вее вецер, сонца грэе
На сьцяпу шырокім,
Што відаць здалёк, чарнее,
Дзе курган высокі?
Сьляпы гэнам на бандуры
Перабэндзя грае,
Аб казацтве, аб гетманстве
Сам сабе сьпявае:
«Ой, лунала наша слава,
Аж у звоны білі!
Меч гетманскі і булава
К каралям хадзілі.
Мелі славу, мелі долю,
А цяпер прапала;
Мелі шчасьце, мелі волю,
А цяпер ня стала;
Стогнуць, плачуць стэп і людзі
Пад чужой рукою,
Вораг цёмны ўсьсеў на грудзі,
Не даець спакою.
Дзе, Багдане, слаўны Хмелю,
Дзе ты? Адгукніся!
За народ наш, за Ўкраіну,
Браце, заступіся».
Слонца грэе, вецер вее,
Па стэпу разносіць
Тыя словы залатыя, —
Да касцоў даносіць.
Ўчулі людзі праўды слова,
Засьпявалі ціха
Аб тым зьдзеку, паняверцэ,
Панаваньню ліха.
Пан аконам — бочка піва. —
Цівуны у злосьці:
«Нуж-ма, хлопцы, жыва, жыва!
Бо зьдзяром да косьці!»
Сорам, сорам!.. Люд пакорны
Галавой схіліўся…
Пане, пане — гадзе чорны,
Каб ты зь сьвету збыўся!..»
Адна за аднэю праносяцца зьявы,
Мігцяцца безупынна абразы,
Нявольнічы побыт, і сьлёзы крывавы,
I зьдзек глузаваньня, уразы…
Туды, да няшчасных, у думцы сягае
Пясьняр гэніяльны прыгону
І Богу на небе любіць прысягае
Народ свой — любіці да скону.