Вее вецер вольны,
Хмары шыбка гоніць;
З вадой, зямлёй, лесам
Зюкае-гамоніць!
Прыляцеў да рэчкі,
Прылёг, прытуліўся,
Крышачку па яснай
Віхрам закруціўся,
Сказаў слоўца ласкі,
Сьвіснуў і падняўся
I за хмаркай лёгкай
Пырхнуў і пагнаўся.
Зноў прымчаў да лесу:
«О, здароў, мой браце!»
I пайшоў між хвоек
Ён дурэць, гуляці:
Адну пацалуе,
З другой пасьмяецца,
Кіне слоўца, пару,
Да трэйцяй бярэцца…
Годзе ўжо у лесе!
Зноў увыш падняўся,
Пакруціўся крыху
Ды удаль падаўся.
Задаў гону, пылу
I уніз ён рынуў,
Прыпаў да зямліцы,
Быццам дзесь загінуў.
«Ах, мая матуля,
Як я нагуляўся!
Бачыў сонца, месяц,
Ў рэчачцы скупаўся.
Хораша на сьвеце!
Колькі ў ім прастору:
Шыбаеш па рэчцы,
Прыпадзеш да бору…
Я хацеў бы болей
Ў сьвеце пагуляці, —
Адпусьці ж, матуля,
Яшчэ палятаці!»
Пэўне, што пусьціла
Вецер маць гуляці,
Бо падняўся ў неба
I пачаў сьпяваці…
Вось — нянацкам скончыў
Сьпяваці гуляка,
Гікнуў і панёсься
Ўдаль хутчэй за птака.