Восень халодная, чорная, хмурая
Сунецца ціха, нячутна штодзень,
Хварбы наўкола паклала панурыя,
Сонца хавае за чорную цень.
Збожжа пажатае зь ніваў пазвожана, —
Голыя гоні самотна ляжаць,
Неба дажджліваю хмарай абложана,
Траўкай ня грае сваёй сенажаць.
Кветкі ня сьвецяць галоўкамі яснымі;
Кусьцьце бязь лісту, бяз красак стаяць;
З гэтымі восені днямі бяскраснымі
Цяжкія думкі у сэрца ляцяць.
Вольхі, рабіны, асіны зь бярозамі
Лістам пажоўклым тужліва шумяць:
«Хутка надыдуць завеі з марозамі,
Ветры зь сьнягамі ізноў наляцяць».
Толькі высокія хвоі іглістыя
Вечназялёны свой кажуць убор.
Днямі зімовымі, цёмна-імглістыя,
Будуць чарнець навакол, наузгор.
Зіму пачуўшы, мядзьведзь неспакоіцца,
Ходзіць па лесе, шукае бярлог,
Хмурны і злосны, пакуль супакоіцца,
Горш на скаціну, на людзі налёг.
Гусі і качкі гуртамі зьбіраюцца;
Хутка на поўдзень саўсім паляцяць.
Хеўра за хеўрай на рэчцы зьмяняецца;
Ўранку крычаць на вадзе, лапацяць.
Так непрыкметна часамі, дзянёчкамі
Восень зьмяняе. аблічча зямлі…
З гэтымі днямі асеньнімі, ночкамі
Думкі мне ў сэрца жудосны прыйшлі.
Старое нешта усё спамінаецца,
Толькі няясна, маўляў, праз туман,
Нейкі няведамы жаль уздымаецца,
Вабіць і цягне ўспамінак-дурман.
Сэрца баліць пад жаданьняў прымусамі,
Што за жаданьні — ніяк не пазнаць;
Можа, ляцеці адгэтуль за гусямі…
Можа, заснуць, каб нічога ня знаць?..