Гэй, гуляй, ня думай,
Не глядзі панура!
Засьпявай, заіграй,
Загудзі віхурай!
Грошы ёсьць! Сала ёсьць!
Бутэль манаполькі…
Ты ня стой, трунак свой,
Пій, гуляй і — толькі!
Былі мы… Жылі там —
На роднай краіне…
А цянер тут — як зьвер…
Жыцьце наша гіне.
Гэй, гуляй, налівай!
Будзем піці, браце!
Што у нас? Цяжкі час?
Э! аб чым казаці!
Га-га га! Бач, нага
Сама ў бокі скача,
Заіграй, засьпявай!..
Не, брат: сэрца плача…
Дайце мне, дайце мне
Кварту не пустую, —
Я маё, я сваё
Сэрца пачастую.
От дык так! От дзе смак!
Эх ты, ведзьма-доля!
Яшчэ — не, мала мне…
Налівайце болей!
Гэй, крычы, не маўчы,
Сэрцу дай пацеху!
Заіграй, засьпявай,
Сьмеху, болей сьмеху!
А што?! Не, вы мяне
Не забілі, гады!
Вось жа п’ю, вось пяю
Зь сябручкамі рады!
Ты гуляй, не зважай,
Што сьляза на вочу, —
Гэта так, гэта я
Весяліцца хочу.
Пі, гуляй!
Грай, сьпявай!..