Дзе дадуць — зраблю пазыку
I найму сабе музыку, —
Дудара зь яго дудою,
Каб іграў ён моцна ёю.
«Грайка, грай! я засьпяваю,
Што цяпер на сэрцы маю…»
І дудар ужо іграе,
Маё сэрца так сьпявае:
«Прападзі, мая жуда,
Ўсё, што церпіць небарак,
Ўсе нястаткі ды бяда, —
Я счарнеў, глядзі, і так,
Толькі вус адзін бялявы…
Годзе мучыць! Я хачу
Сілы, працы і забавы
I вясельля уваччу…»
А з чаго ж я узбуяўся?
— Бо вясна ідзець да нас:
Як убачыў — засьмяяўся
I вясёлы стаў на час…
Грайка, грай! бо сэрца скача,
Яму трэба моцна граць;
А жуда няхай паплача —
Час яе і забываць…