Як ліст вярбінкі маладой,
Што вецер злосны адарваў
I кінуў ў рэчку і з вадой
У даль няведаму пагнаў, —
Плыву сабе. Рака мая — жыцьцё,
Па ёй плывуць і кветкі і сьмяцьцё.
Я раз спытаўся у вады:
— Скажы, адкуль ты прыцякла?
Яна сказала: — З-пад грады
Каменных гораў уцякла.
— Куды ж бяжыш? — Цяпер бягу над спад
У мора сіняе. — А вернесься назад?
— Над мной закон — колазварот.
Плыву я з мора ў акіян
I стуль зьбіраюсь ў паварот,
Калі узьнімецца туман
I ўзьляжа ноч. Лячу хутчэй тагды,
Цячы ракой з-пад горнае грады.
Як ліст вярбінкі маладой,
Што вецер злосны адарваў,
I я плыву сваёй ракой,
Жыцьцём якую хтось назваў.
Нясець яна і кветкі і сьмяцьцё…
А ты ж скажы, ці вернесься, жыцьцё?