Дайце кавалачак хлеба ёй цьмянага,
Дайце пуховага, — дзе ж ёй узяць?
Што яна возьме з жыцьця бесталаннага?
Дайце, што можаце даць!
Гора памела на сьвеце убогая!
Гляньце: згрыбела, згарбела у крук,
Доля занадта надалася строгая, —
Выбіла шчасьце ўсё з рук.
Была дзяўчынаю, была красуняю,
Была вагонь, — не глядзі, дзецюкі!
Ўглянеш — і сэрца праймецца, як куляю;
Мелі пацеху бацькі.
Час надышоў, і была гаспадыняю,
Быў гаспадар багатыр на сяле;
Была над мужам царыцай, княгіняю,
— Бог калі шчасьце пашле!
Была і маткаю, была шчасьліваю,
Двох аднагодкаў Вялікі ёй даў:
Сына малойца, дачку урадлівую,
— Скуль дзе і сват пад’язджаў.
Мела Нупрэіха, мела бяздольная!
Дзе ж гэта дзелася, як уплыло?
Што ж, сірацінка, быліца ты польная,
Што учынілась, было?
— Ой, мае дзетачкі, Бог мяне, грэшную,
Пэўне, за бацькаўскі грэх пакараў,
Крыўду ўчыніў да згон-веку няўцешную,
Чым надарыў, адабраў.
Неяк асеньняй парою апоўначы
Хатку няведама хто падпаліў,
Я прахапілась, ўскрычэла а помачы:
— Людзі, ратуйце, хто жыў!
З крыку майго і сямейка збудзілася,
Ледзьве пасьпелі на двор уцячы,
Доня за рукі мае учапілася,
Просіць: — Матуля, маўчы!
Мужа я ў гэтым пажары пазбылася;
Кінуўся ў хату па скарб — ратаваць, —
Столь падгарэла ў той час, абвалілася…
— Бог захацеў пакараць!
Ох! Як пачне калі што руйнаваціся, —
Што ні рабі ты, а будзе дарма,
Толькі зьнядужаеш, сілаю страцісься,
Скуткаў жа добрых няма.
Сын у Сібір ці ішчэ за Сібірамі
Недзе пайшоў на жыцьцё зарабляць,
Разам з дачушкай пайшла я пад дзьверамі
На пагарэлых зьбіраць.
Дочка ад часу пажэжы праклятае
Чымсь захварэла, няведама чым;
Сохла, бляднела, як зелейка сьцятае,
Покі ня ўмерла саўсім.
З воласьці мела паперу пісаную:
Сына маскаль занівошта забіў.
Нечым зграшыла дзіцятка рахманае,
Ціхі ж, паважлівы быў…
От і жыву я на сьвеце зязюляю
Тэй сіратлівай, адна наўсяды.
Сьмерць неўздалечку, — свой век перамуляю,
Збудуся цяжкай нуды.
Змоўкне — і сьлёзы па твару пакоцяцца,
Хусткай схісьне іх і далей брыдзе,
Ціха ступае, ўсім целам калоціцца…
Ах! пашкадуйце ў бядзе!
Дайце кавалачак хлеба ёй цьмянага,
Дайце пуховага! Дзе ж ёй узяць?
Што яна возьме з жыцьця бесталаннага?
Дайце, што можаце даць!
Дайце куточак, а дайце ж ёй, мілыя!
З ласкай у хату прыміце яе,
Хай адпачне гаратніца пахілая,
Раны пагоіць свае.