— Брынкні, хлопча малады,
У свае цымбалы!
Ты ж бо, чуў я ад людзей,
Музыкант удалы.
Песьняй ёмкай зьвесялі, —
Заплачу двухзлотку.
Хочаш? Выпі напярод,
Спагані ахвотку!
— Раз журба зь сьмехацьцём
Напіліся мёду
I пайшлі на кірмаш
Паглядзець народу,
Вось журба й завяла,
Несуцешна плача,
Сьмехацьцё ж ля яе
Па дарозе скача.
— Гэй, сястрыца, пакінь
Разьліваці сьлёзы,
Бо цябе ж засьмяе
Чалавек цьвярозы.
А-ха-ха! хі-хі-хі!
Ну, чаго, сястрыца,
Не хапіла табе?
— Перастань, дурніца!
— Не сьмяшы ты людзей,
А давай паскачам!
А журба яшчэ горш
Закацілась плачам.
«А-ха-ха!», «І-ы-ы!»
Па дарозе льюцца;
Йдуць журба зь сьмехацьцём,
А людцы сьмяюцца.
От журба і крычыць:
— Празь цябе выкпіны!
Сьмехацьцё ж ёй у адказ:
— Не, асані, вінна!
— Празь цябе! Празь цябе!
Увайшлі ў спрэчку,
А ў канцы пачалі
Малаціці грэчку.
Тут камар падляцеў:
«Кум з кумой дзярэцца?»
I пачаў ля журбы
Акругом вярцецца!
То у нос, то у лоб
Джыгане — уп’ецца,
От журба науцёк,
Бо няма дзе дзецца.
Сьмехацьцё ж не бяжыць,
Даганяць ня хоча,
А зь людзьмі над журбой
Над дурной рагоча.
От і ўсё. Калі хто
З вас журбу убача,
Дык настрашце яе
Камаровым плачам.
Уцячэць! А цяпер —
Заплаці двухзлотку
I кілішачак дай
Прамачыці глотку.