Белыя валокны
Сьцелюцца над долам.
Не сьпяваюць птушкі,
Сьціхнуў лесу шолам.
Сьцелюцца валокны,
Тчэцца павуціна —
Блізка, блізка восень,
Смутная часіна!
Зажурыцца неба,
Схованае ў хмары,
I агорнуць сэрца
Нейкі жаль і мары.
Замірае лета,
Заціхаюць далі,
Сірацее рэчка,
Халадзеюць хвалі.
Стомленасьць, зьнямеласьць…
Тояць думку боры…
Шш! што то за гукі
Чуюцца ў прасторы?
Жаласна-прыгожа
Льюцца ў небе гукі,
Слухаюць лясы іх,
Луг, балота, лукі.
У бязьмежным небе
Роўненькім шнурочкам
Жураўлі на вырай
Мкнуцца над лясочкам.
Меншыцца шнурочак,
У паднеб’і тае,
Вось ледзь-ледзь чарнее,
Міг — і прападае.
I стаіш ты, смутны,
Доўга пазіраеш,
Як бы нешта страціў,
А што — сам ня знаеш.
Так у час расстаньня
З тым, хто сэрцу любы,
Адчуваеш смутак
Цяжкай страты-згубы
I глядзіш маўкліва
На дарожку тую,
Што нясе ўдалечу
Душу дарагую.