Маці ў службу выпраўляе
Родную дзяціну,
Выпраўляючы, хавае
Горкую сьлязіну.
— Будзь паслушная, дачушка, —
Навучае матка, —
Дагаджай чужым ты, служка,
Ды цярпі, дзіцятка!
Не адзін раз твае вочкі
Заплывуць сьлязою.
Твая доля цямней ночкі —
Цяжка быць слугою!
Бо ня ўважыць чужаніца
Ручак тваіх белых,
Поту выльецца крыніца
З шчочак загарэлых.
Ўстанеш летам раней зоркі,
Пойдзеш перша ў поле…
Ох, дачушка, хлеб твой горкі,
Горка твая доля!
Маці дочку разважае,
Сябе цешыць стара,
Жаль да сэрца падступае,
Як чорная хмара.
Вось дзяўчына ўжо гатова,
Пакідае хатку.
— Ну, матулька, будзь здарова! —
I цалуе матку.
— Ну, бывай!.. — I не ўтрывала
Бедная матуля.
Жаль сьлязамі ёй прарвала,
Твар да дочкі туліць.
Выйшла маці ўсьлед за ёю,
Стала ля парогу
I, падпёршы твар рукою,
Зорыць на дарогу,
На дарогу-пуцявіну —
Там яе Гануля, —
Ды за сьлёзкаю сьлязіну
Роніць-лье матуля.
Доўга матка так глядзела,
Дочку праважала,
Покі хустка яе бела
З вочак не прапала.