— Ну, Алесь, брат, — за абедам
Кажа бацька сыну, —
Годзе бегаць дармаедам,
Красьці садавіну,
Таптаць сьцежкі ў агароды,
Рэзацца па хаце.
Ты ўжо ўходзіш, брат, у годы, —
Колькі яму, маці?
Роднай матцы сэрца ў грудзях
Зьлёгку затраслося.
«Ці не хоча аддаць ў людзі?» —
Ў думках праняслося.
Сам Алесь сямігадовы,
Як ліст, скалануўся,
Бо ў тэй бацькавай прамове
Страх яму пачуўся.
Апусьціў ён нізка вочкі,
Глыбей ў кут падаўся.
— Ну, што сьціхнуў, як упрочкі
Ты ад нас сабраўся?
— Дай хоць з’есьці, адчапіся!
Вось прыстаў к дзідяці!
Еж, Алеська, не журыся! —
Не ўцярпела маці. —
Пойме гутарку якую,
Чуць за хлеб узяўся.
— Няхай есьць, ці ж я шкадую? —
Бацька адазваўся. —
Еж, Алесь, чаго надзьмуўся
Ты, як мыш на крупы?
Ці ад ночы не ачнуўся?
Расплюшч свае лупы!
Глянь у вочы мне!
Сьмялее! Во, так! Малайчына!
Еж, бо крупнік адубее, —
Кажа ён да сына.
Паабедалі зь бядою,
Спаражнілі місы.
Абцёр бацька вус рукою,
Твар і лоб свой лысы.
— Ну, дык вось што — чуеш, хлопча? —
Годзе так бадзяцца, —
Няхай качка цябе стопча, —
Трэба чым заняцца.
Згодзен пасьвіць ты ўсё лета
Ў Курганах каровы?
Шэсьць рублёў даюць за гэта
Ды халацік новы.
— Ой, няхай бы пабыў дома! —
Зноў гаворыць матка. —
Ну, куды ён, мал, вядома,
Рана пасьвіць статка,
Толькі высахне у лыка,
Нябось, пасьвіць — мука!
— Ат! патрапіць — невяліка
Гэтая навука!
Будзеш пасьвіць? — тут у сына
Бацька запытаўся. —
Ото дзіва! Малайчына!
Я не ашукаўся.
Ты ў мяне хлапец рахманы,
Вось люблю за гэта!
Працаваць вучыся зрана,
Ў маладыя леты.