Цесны дворык. Непрыгожа!
Дзьверы пад замкамі,
У тры сажні агарожа, —
Глуха, як у яме.
Толькі бразгаюць кайданы
Дзікім бразгатаньнем,
Звон пакуты, звон паганы
Аддае стагнаньнем.
Будзіць звон той боль у сэрцы,
Смутак наганяе.
Цяжка, цяжка ў паняверцы!
Ой, доля ліхая!
* Сьвеціць сонца, жарам пыша,
Ў небе — ні хмурынкі.
Лёгкі ветрык сад калыша,
Гойдае галінкі
Ды жартліва задзімае —
Накурыць, напыліць,
Пух угору падымае,
Красачку пахіліць.
Прабяжыць і ціха стане…
Зьвякаюць кайданы.
Ў гурт сышліся катаржане,
Від іх змардаваны.
Вось на лаўку яны селі,
Галовы спусьцілі,
Думкі моцна іх здалелі,
Сэрца засмуцілі.
Не згадаць іх дум маўклівых,
Дзе яны іх носяць —
Мо гуляюць там, на нівах,
А мо волі просяць.
Катаржане — хлебаробы,
Дзеці вёсак, поля:
Таго бойка з-за худобы
Прывяла ў няволю,
Той з суседам пасварыўся,
Ў таго зяць паганы,
А той, з братам як дзяліўся,
Зарабіў кайданы,
Той за нораў свой сярдзіты
Ці за лішак жару…
Гэта — цёмны люд, забіты,
Беднаты ахвяра.
* Што за думкі — не згадаю:
Цьмяна іх гаворка.
Адно толькі добра знаю:
Горка людзям, горка!