За агарожаю перад астрогам
Ў ціхім куточку адна
Кветка красуе на грунце убогім,
Хораша зьзяе яна.
Двор непрытульны і глеба пясчана,
Грунт весь убіты, як ток.
Сонца ня сьвеціць скрозь шчэлін паркана,
Выдзьмухаў вецер весь сок…
Белая крошка роскаю Божай
Чыста абмыта, зяхціць.
Рад любавацца я кветкай прыгожай —
Міла яна так глядзіць.
Мне ўспамінаюцца вобразы мілыя
Роднага краю, палёў,
Бедныя вёскі, хаты пахілыя,
Песьні зялёных гаёў;
Вузкія стужкі меж зеляненькіх,
Жыта палоска, лянок…
Рэчы пявучыя нівы благенькай,
Ўзгорак, курганчык, лясок.
Толькі ж мне шкода кветкі: сіроткай
Ціха схілілась яна
За агарожаю, як за рашоткай,
Сонцу, людзям не відна…
Мілая кветка, дзіцятка поля,
Межы зялёнай убор!
Як ты папалася з волі ў няволю?
Як заняслася на двор?