Ночка пазірае.
Ціха ў хаце. Ўся сямейка
Сьпіць, адпачывае.
Натрудзіўшы добра рукі,
Натаміўшы плечы,
Толькі маці зь вераценцам
Туліцца пры печы
Ды прадзе, прадзе кудзельку.
Скача вераценца,
А за ім густыя цені
Бегаюць па сьценцы.
* На камінку гарыць корчык,
Злотам іскры скачуць.
За ваконцам вецер ходзіць,
Глуха вербы плачуць.
Зябнуць вербы на марозе,
Тулячыся к стрэсе.
Сьнегам вецер сыпле ў дзьверы,
Ходзіць шум па лесе…
I пад гэты шум трывожны
Думае старая,
А ўсьлед думкам неспакойна
Вецер падпявае.
* I ўсё ўстала прад вачыма
Беднае кабеты:
Маладыя дні дзяціны,
Дзявочыя леты,
Радасьць жыцьця і нягоды,
Сваркі, трасяніна —
Ўсё, чым жыцьце напаткае
Ў цяжкую часіну.
Ўсё прыпомнілася беднай, —
Горка, цяжка стала,
Галаву набок схіліла,
Прасьці перастала.
* Вось і муж усплыў на думу —
Рана сьмерць скасіла!
Дробных дзетак ён пакінуў —
Без пары магіла!
Жыў ён бедна. Спадзяваўся
Свой прыдбаць куточак,
Хату вывезьці, зямелькі
Прыкупіць шматочак,
Бо агоркнуў хлеб батрацкі,
Жыцьце пад’ярэмна…
Ды ня выйшаў з-пад няволі,
Біўся век дарэмна!
* Гасьне корчык на камінку,
Пацямнела ў хаце,
Поўнач пеўні пракрычалі,
Але ня сьпіць маці.
Цягне нітку. Вераценца,
З рук упаўшы, грукне,
Ды нясьмела, як убогі,
Ў дзьверы вецер стукне.
Думкі думку падганяюць,
Не даюць спакою,
Ўсё лятаюць над кабетай
Нуднай чарадою.
* Уздыхнула цяжка маці,
Аб сынку гадае,
Што ў астрозе, ў паняверцы
Кару адбывае.
I за што? У толк ня возьме
Бедная кабета
Ні законаў гэтых мудрых,
Ні парадкаў сьвету.
Вецер вые за вугламі,
Ў коміне галосіць.
Куды толькі думка тая
Матку не заносіць!
Зябнуць вербы на марозе,
Глуха лес гамоніць.
Думка думку выклікае,
Думка думку гоніць.