Я — мужычы сынок,
Ні двара, ні кала,
Поле — жоўты пясок,
Хата ў землю ўвайшла,
Не жыву, а гнію,
Прападаю, як мыш…
Глянь на долю маю,
Глянь на цяжкі мой крыж!
Я балоты сушу,
Надрываю жывот,
Я за бесцань кашу,
Рыю землю, як крот.
Ўсе вуглы і куты
Сваім целам я зьмёў,
Сьсек і лес, і кусты
I дарогі правёў,
Ды ня езджу па іх,
А хаджу пехатой
Ў рваных ботах старых,
Часьцей босай нагой.
Збудаваў я палац,
Многа фабрык, мастоў.
Сам жа голы, як бац, —
Пары дзьве рызманоў.
Пад аконьнем ня раз
Я зь мяшэчкам хадзіў,
Міласьціны у вас
Хрыстом-Богам прасіў.
Мяне мочыць раса,
Мяне сонца пячэ,
А у песьнях маіх
Сьляза ціха цячэ.
Я па сьвеце хадзіў,
Косьці ўсюды занёс,
Я на землю праліў
Многа сьлёз, многа сьлёз.
То ня дуб у бары
Заскрыпеў, застагнаў —
Гэта я без пары
Богу душу аддаў.
Нудна звоняць званы,
То мацьней, то замруць,
Адзін дзяк ля труны —
Гэта прах мой нясуць.
На магілцы маей
Крыж трухлявы стаіць,
А над прахам касьцей
Вольны вецер шуміць.
Я — мужычы сынок,
Я ня маю дарог.
Мая школка — шынок,
Маё жыцьце — астрог.