Між узгоркаў над ракою
Выглядае сіратою
Наша беднае сяло.
Убраў стрэхі мох калматы,
Набок скрыўленыя хаты,
Як бы ў дол яно ўвайшло.
I зьліліся ў плех будынкі,
Ў шыбы ўсаджаны лучынкі
Ці анучак цэлы жмут.
Спарахнела наша школа,
Згніў паркан увесь наўкола —
Школка горбіцца, як склюд.
Збоку вербачкі крывыя,
Бы кабецінкі старыя,
Нуднай кучкаю стаяць.
Нёман ногі ім змывае,
Вецер голькі іх люляе,
Лісьці жаласна шумяць.
На прыгорку ў аддаленьні
Насып, крушнямі каменьне,
Смутна крыжыкі стаяць.
А ўнізе пад іх нагамі,
Спаласканыя сьлязамі,
Косьці родныя ляжаць.
Плачуць ветры над магілай,
Зь песьняй нуднай і пастылай
Пралятаючы удаль.
Як успомніш кут свой родны,
Кут закінуты, галодны,
Сьцісьне сэрца горкі жаль.