Моцна хлопец занудзіўся
Па сям’і, па маме,
Як бы сьвет тут зачыніўся
Ў гэтай нуднай яме.
Ўсё тут дзіка, нецікава,
Бы ў яловым лесе,
Кожны вугал неласкава
Глянуў на Алеся.
Ўсё ня гэтак, як там, дома:
Лавы, печ старая,
Кожна рэч тут незнаёма
I яму чужая.
Ўсё — качэргі і ваконцы
На нуду наводзяць,
I тут нават ня так сонца,
Як там, дома, ўсходзіць.
Ды і людзі не такія,
Іншая гаворка,
I алешнікі ня тыя,
Ня той луг, узгоркі.
Выйшаў з хаты, прытуліўся
Пад грушаю ў полі
I так моцна засмуціўся,
Бы ў якой няволі.
На дарогу пазірае,
Што вядзе дахаты,
Што, як стужка, агібае
Цёмны лес кашлаты.
I так мілы хлопцу сталі
Родныя палеткі,
Лес, што нікнуў ў сіняй далі,
Ўзгоркі, межы, кветкі,
Хаты, гумны, варывенькі,
Цэрква на грудочку…
Эх, як міла, весяленька
У сваім  куточку!
А тут хата, як адрына,
Як хлеў, — сьвету мала.
I надумаўся хлапчына
Даць адгэтуль драла.
Многа думаў так і гэтак —
Не бярэ нічога!
А з палетка на палетак
Скача, йдзе дарога…
Ён назаўтра ўстаў ранютка,
Аж да ўсходу сонца,
Чуць што глянуў дзень ціхутка
Ў хату праз аконца.
Наш Алесь перахрысьціўся,
Глянуў на палаці,
А там дзед той разваліўся,
Але ціха ў хаце.
Згроб свой клуначак пад паху —
Загадзя сабраўся, —
Асьцярожна, поўны страху,
Да дзьвярэй падкраўся
I ціхутка — стук у дзьверы,
Шугануў у сені!
Сэрца білася бязь меры,
Трэсьліся калені.
Ён кулём, як ліс у норы,
За хлявы, ў задворкі…
Заплыў месячык за горы,
Чуць мігалі зоркі.
Вось Алесь прычхаў дадому,
Стаў на прыгуменьні.
Страшна ў хату йсьці малому —
Гора-утрапеньне!
Што рабіць тут, не згадае.
Мо назад вярнуцца?
Плача хлопчык, аж рыдае,
Сьлёзы так і льюцца.
Выйшла матка, плач пачула,
Бачыць — іх служака!
Матку жаласьць агарнула —
Шкода небараку!
— Што ж ты плачаш? Ідзі ў хату…
Ня плач, супакойся.
— Ой, баюся, мама, таты!
— Ня з’есьць ён, ня бойся!
Бацька ўстаў і абуваўся,
Зірк — Алесь у хаце!
Бацька толькі засьмяяўся:
— Ты ўжо дома, браце?
Той калоціцца ўсім целам,
Як бы грэшнік страшны,
Думаў ён, што ў сьвеце цэлым
Ён — самы няшчасны.
Апусьціў сваю галоўку,
Клуначак трымае,
Кулачком уціхамоўку
Сьлёзкі выцірае.
— Ну, што гэта за работа?
Адурэў ты, Грышка!
Ён — зусім дзіця, блазнота,
Зелен, як пурышка…
Дзе служыць яму, дзіцяці?
Ну, куды ж? Націна! —
Стала бацьку чысьціць маці
I крычаць за сына.
— Мне б тут трэба раскрычацца,
Розум твой жаночы!
Брыдка будзе паказацца
Тым людзям у вочы!..
Ах, лайдак, пястун пракляты!
Лезь на ручкі к маме! —
Плюнуў бацька, выйшаў з хаты,
Стукнуўшы дзьвярамі.