Мы чакалі нецярпліва
Лета, цёплых, ясных дзён,
Каб ня гнулась наша ніва,
Не глушыў яе драсён.
Хмурна ж наша, хмурна лета,
Сьцелюць хмары валакно,
Сонцам поле не сагрэта,
Дробны дождж сячэ ў акно.
Затоплена сенажатка —
Верх травы адно відаць,
Збожжа ў полі гіне, братка,
Няма сілы працаваць.
Вось Ільля ўжо недалёка,
Жаць пара, пара касіць.
Дарма ў неба глядзіць вока —
Хмар густых ім не прабіць.
Перакідаем, брат, лета
I сяк-так перажывём.
Час наш будзе — вер у гэта —
Зь верхам працу мы зьбяром.