Праляцела борзда лета,
Наша сьветлая пара.
На дарозе нашай вузкай,
Як раней, стаіць гара…
Скора, скора дзьмухне холад,
Сьнег пасыпле зь сівых хмар,
Зноў мароз надыдзе люты
I клубком паваліць пар.
Разам зь ветрам, з халадамі
Думак рой к нам наляціць, —
Нудных думак, неспакойных, —
Сэрца беднае сушыць.
Будуць ветры за вугламі
Выць, і плакаць, і стагнаць,
А ў той вечар доўгі, цёмны —
Песьні ў коміне сьпяваць.
Бор стары завые нудна,
Зашуміць гальлём лаза.
Пад іх шум ня раз на сэрца
Капне горкая сьляза.