У Алеся думак многа,
Ды ўсе думкі новы.
Твар сур’ёзны, бы ў старога,
Нахмураны бровы.
Кінуў ён гульню зь сябрамі —
Трэба дбаць на хату,
Памагаць ён будзе маме,
Бацьку, сёстрам, брату.
Цяпер бацька адзін б’ецца
З ранку аж да ночы,
Так працуе, што пот льецца,
Лезуць на лоб вочы.
Гэтаксама адна маці —
Праўда, дасьціпная, —
Адна ў полі, адна ў хаце,
Корміць, абмывае.
Мала зь дзевак дапамогі —
Драбяза ўсё, дзеці!
Сам ён толькі, дзякуй Богу,
Жыць здужае ў сьвеце.
Без падмогі, сам сабою:
Ён — дзяцюк, хлапчына,
Носіць ён вядро з вадою,
Як стары мужчына!
Потым думкі непрыметна
Далей залятаюць —
Чужаніцы непрыветна
З Курганоў мігаюць.
Матка страхаў наказала
Пра жыцьцё з чужымі,
Як Алеся навучала,
Каб ужыцца зь імі.
— Трэба змоўчаць, хоць часамі
Скрыўдзяць або ўшчуюць,
Хоць нядобрымі славамі
Злосна пажартуюць.
Будзь паслушны і цярплівы,
Ня лазь у гароды,
Не марнуй ты людзям нівы,
Не рабі ім шкоды…
Адным словам, страх нагнала
На Алеся матка,
I так міла яму стала
Родная іх хатка!
Ды нічога не парадзіш,
Калі служба трэба,
Калі беднасьць, як паглядзіш,
Сама просіць хлеба.
Дый Курганы не за морам —
Восем вёрст ад дому,
Над ракою, за тым борам, —
Мейсцы ўсе знаёмы.
Так хлапчынка разважае,
З думкамі гамоніць,
Дух надзеяю ўздымае
I трывогу гоніць.
У вузельчык вось увязан
Скарб яго убогі,
Станік тонкі падпяразан —
Жджэ Алесь дарогі.
Моцна ж сэрца забалела,
Як ён выйшаў з хаты,
Але плакаць не пасьмела,
Бо йшоў збоку тата.