Аа-аа, мой сынок!
Аа-аа, мілы!
Не крычы, ня плач: дарэмна
Ты патраціш сілы;
А бязь сілы, мой сынок,
Жыць на сьвеце трудна…
Ой ты, вецер, не шумі,
Не сьпявай так нудна!
Спаць Міхаську не даеш…
Сьпі, мой сын маленькі!
Я цябе пакалышу —
Ай, люлі-люленькі!
Што цябе чакае, сын?
Што твая за доля?
Можа, й ты пот будзеш ліць
У чужое поле?..
Будзеш летам ты хадзіць
На плыты, на згоны,
З Коўна матцы прынясеш
Хоць гарсэт чырвоны…
А то, можа, купіць пан
Твае рукі, сілы?
Паднявольным будзеш ты,
Сын мой, да магілы!
А мо ў школку пойдзеш ты,
Будзеш чалавекам, —
Без навукі цяжка жыць
Гэтым трудным векам.
Кінеш матку, па чужых
Ты па людзях пойдзеш
I на шчасьце нападзеш,
Долю сваю знойдзеш.
Матку ўспомніш ты сваю,
Як цябе люляла,
Як табе ўначы ня раз
Песенькі сьпявала.
I гасьцінца мне прышлеш,
Не забудзеш маткі.
Вось уцешуся тады,
Аж запляшчу ў ладкі!..
Аа-аа, мой сынок!
Люлі, люлі, мілы!
Ой, ня плач ты, не крычы,
Набірайся сілы!