Як лёгкі дым, як тонкі пар,
Расталі ў небе кучы хмар.
Ой, гладзь нябёс далёкая,
Крыштальная, глыбокая!
Як моцны гук, прызыў вясны
З тваёй пачуўся вышыны!
Прастор, прастор і воля там,
Але ня нам яны, ня нам!
Запёрты мы, прыдаўлены,
I краты нам прыстаўлены.
Высок, высок паркан-сьцяна,
Нам песьня волі не чутна.
Ня нам вясна, ня нам прастор, —
Нам мур сыры, нам цесны двор.
Гады ў няволі адцьвітуць…
Ня плач, душа, вясну забудзь!