Клунак за плячамі,
Згорбленыя сьпіны, —
Валіць чарадамі
Люд на сплаў, віціны.
Босыя іх ногі,
Твар іх загарэлы,
Вопратка убога,
Чуць прыкрыты целы.
Ззаду ледзь ступае,
Хлеб вязе кабыла.
Нокае, гукае
На яе Кірыла…
Жарыць-скварыць сонца,
Ліст не скалыхнецца,
Горача бясконца,
Рагамі пот льецца.
Срэбрам адлівае,
Як люстэрка, Нёман,
Зранку не сьціхае
Над вадою гоман.
Ад крыку-лаянкі
Аж дрыжыць паветра:
— На «барбару», Янка!
— Гартоль бяры, Петра!
— Закідай шырыгу!
— Прысам папхні ўліва!
Варушыся! Мігам!
Ня сьпі ў шапку! Жыва!
А заднік бяз толку
Бусаком махае.
Галаўнік Міколка
Бэсьціць яго, лае.
Гнецца плыт дугою,
Прэ яго да гаку,
Быстраю вадою
Ломіць, як вужаку.
На мель узагнала.
Крык, сярдзіты голас.
Порткі паскідалі,
Ўсе ў вадзе па пояс.
Бомы ўсе пабралі:
— Рразам, хлопцы! рразам!
Ну, яшчэ! Што сталі?
Ну, яшчэ наляжам!
Вецер загуляе —
Хвойнік, лозы гнуцца.
Плытнік спачывае,
Як сабака ў будцы.
Плытнік гнецца ў полі,
Мерзьне ён у холад,
Ведае нядолю,
Ведае і голад.
Што ж? Бядота гоніць,
Толькі сілы траціш,
Толькі косьці ломіць,
Як хваробу схваціш.
* Эх ты, доля, доля!
Голад ты, галота!
Не свая тут воля,
Не свая ахвота.