— Добры дзень вам, ягамосьці!
— Добры дзень!.. Сядайце.
— Ну, вось я прывёў і госьця,
Мал ён, выбачайце.
— Э, нічога, акрыяе,
Дый ён хлопец слушны.
Гадкоў з восем, мусіць, мае?
— Сем у дзень задушны.
У куточку прыхіліўся
Ціха каля лавы
I на ўсё Алесь дзівіўся,
Пазіраў, цікавы.
Глянуў ён у кут украдкам
На таго сьвятога,
Што напісан быў зь ягняткам
I глядзеў так строга.
Ён зірнуў на Мікалая
I на Юр’я зь зьмеем,
На сьвятых, што і ня знае
I назваць ня ўмее.
За сталом былі мужчыны
I стары між імі,
У каторага маршчыны
Зьлеглі пад вачыма.
Лоб высокі, безвалосы,
Голы, як калена,
Вусы быццам бы йшлі з носа,
Белыя, як пена.
Пазіралі дзеці скрыва
Зь печы і з прымурка
На Алеся як на дзіва
Ці якога турка.
А тым часам стол убралі
Пляшка і дзьве чаркі;
Ў печы весела пішчалі,
Гаманілі скваркі.
Селі піць барыш мужчыны.
Дзед, падняўшы чарку,
Кажа: «Дай Бог толк з хлапчыны
Нам у гаспадарку!..
Ходзь, Алеська, сюды, брацік!
Бліжай, бліжай, браце!
Распраніся, скінь халацік,
Будзь як свой у хаце».
Падышла і гаспадыня,
Жвавая кабетка:
— Павесь шапачку, мой сыне!
З’еж от скварку, дзетка!
Будзеш дужшы, небажатка,
Пасілкуйся крышку! —
I падносіць хлапчанятку
Гарэлкі ў кілішку.
Круціць хлопчык галавою —
Піць, моў, не бярэцца;
Скварку, згробшы пяцярнёю,
Есьць, аж нос той гнецца…
— Ну, сынок, служы здаровы,
Даглядай скацінку.
Будзеш дома на Пакровы…
Не нудзіся ж, сынку.
Разьвітаўся бацька зь імі
I пайшоў дадому.
Ой, маркотна між чужымі
Хлопчыку малому!