Ярка на камінку
Смольны корч палае,
Бацька на калодцы
Лапці выплятае.
Латае халацік
На услоне матка:
Ў школку заўтра пойдзе
Іх сынок Ігнатка!
Сын васьмігадовы
Корчык падкладае,
З бацькавай работы
Вочак не спускае.
Сьветлая галоўка
Мысьлямі занята,
Многа ўсякіх думак
У вачох Ігната!
— Ну, Ігнат, глядзі, брат,
Не дурэй, вучыся.
Годзе жыць бязь дзела —
За буквар вазьміся!
Будзь старанным, сынку,—
Станеш чалавекам,
Будзеш ты чытаць нам,
Цёмнікам, няўмекам,
Што у кнігах пішуць,
Што мы ў сьвеце значым,
Бо мы самі цёмны,
Сьвету мы ня бачым.
Слухай, што настаўнік
Гаварыць там будзе
Пра навуку, кнігі
I аб цёмным людзе.
А старанны будзеш,
Да навукі здатны —
Я прадам кароўку
I кажух астатні, —
Ты ж ідзі ў навуку,
Толькі, брат, вучыся.
Дык, глядзі ж, сыночак,
Шчыранька вазьміся!
На гульню пустую
Плюнь, махні рукою,
Каб і я і маці
Цешылісь табою.
На казаньне бацькі
Адказаў Ігнатка:
— Буду я вучыцца,
Як ты кажаш, татка!
А як спаць улёгся,
Думкі мімаволі
Гаманілі ў сненьні
Хлопчыку аб школе.